8 чэрвеня ў карыстальнікаў Тэлеграм-чату «Браслаў для жыцьця» прайшлі вобшукі. Увечары стала вядома, што ў выніку ператрусаў былі канфіскаваныя мабільныя тэлефоны і кампутары ў чатырох удзельнікаў чату. Паводле былога адміністратара рэсурсу Канстанціна Далецкага, канфіскацыі адбываліся ў межах адміністрацыйнай справы аб паклёпе на ўчастковага міліцыянта (арт. 9.2 КаАП).

Суд Браслаўскага раёна аштрафаваў жыхара Браслава на 270 рублёў, прызнаўшы яго вінаватым у паклёпе на супрацоўніка РАУС. Справу на браслаўчаніна завялі пасьля таго, як ён паскардзіўся на супрацоўніка міліцыі ў тэрытарыяльнае ўпраўленьне ўласнай бясьпекі МУС, паведамляе афіцыйны сайт УУС Віцебскага аблвыканкаму.

Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Уладзімер Лунёў зьвярнуўся ў абласное ўпраўленьне ўнутраных справаў і ў гарадзкую пракуратуру Віцебску са скаргай на дзеяньні супрацоўнікаў Кастрычніцкага РАУС. На ягоную думку, міліцыянты ўхіліліся ад абароны яго правоў і законных інтарэсаў, спыніўшы справу аб адміністрацыйным правапарушэньні ў дачыненьні да невядомых аўтараў паклёпніцкага відэа, разьмешчанага ў інтэрнэце.

Апублікавана ў Свабода слова