Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 05 Снежань 2019

Барыса Хамайду будуць судзіць за нацыянальны сьцяг у гонар Каліноўскага

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Сьцяг Хамайды ў цэнтры Віцебску Сьцяг Хамайды ў цэнтры Віцебску

Віцебскаму апазыцыянэру Барысу Хамайду паведамілі, што ў дачыненьні да яго распачаты адміністрацыйны працэс за несанкцыянаваны пікет у цэнтры гораду 22 лістапада. Хамайда выйшаў зь бел-чырвона-белым сьцягам і плякатам, каб аддаць даніну памяці і павагі Кастусю Каліноўскаму, парэшткі якога ў той дзень перапахавалі ў Вільні.

Барыс Хамайда ведаў, што рызыкуе быць асуджаным за гэтую праяву салідарнасьці. Але не адзначыць гэтую дату проста ня мог, піша Радыё Рацыя.

«Так, я разумеў, што раней ці пазьней прыйдуць да мяне, але немагчыма было ня выйсьці ў той дзень. Я ня мог паехаць туды, у Вільню, але аддаць даніну павагі нашаму нацыянальнаму герою Кастусю Каліноўскаму і ўсім астатнім – гэта неабходна было», – кажа спадар Хамайда.

Яму ўдалося амаль немагчымае: ён зладзіў пікет пад бел-чырвона-белым сьцягам якраз у той час, калі ў Віцебск прыехаў Аляксандар Лукашэнка. У цэнтры гораду было поўна міліцыянтаў і асобаў у цывільным. Але яны нават не падумалі, што нехта адважыцца на нешта падобнае.

«Я ішоў спакойна, не хаваўся, пад пахай і мяне быў складзены плякат, бел-чырвона-белы сьцяг у руках, у чахле. Проста ім было не да мяне: яны перад прыездам Лукашэнкі «чысьцілі» горад ад «тэрарыстаў», шукалі іх па падвалах, лазілі па гарышчах, усё аглядалі… А я спакойна прайшоў і стаў», – расказаў Барыс Хамайда.

Судзіць Барыса Хамайду будуць у судзе Чыгуначнага раёну 13-га сьнежня.

Прозьвішча судзьдзі і дакладны час пачатку суду пакуль невядомыя.

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.