Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 13 Май 2022

Пасля 75 сутак арышту выйшла на волю Вольга Брыцікава

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Кіраўніцы незалежнага прафсаюзу на наваполацкім «Нафтане» 5 разоў прысуджалі арышты па 15 сутак за нібыта несанкцыянаванае пікетаванне паводле артыкула 24.23 КаАП. Практычна ўсе 75 сутак яе трымалі за кратамі ў Вушацкім ІЧУ. Такая практыка ўжо некалькі год існуе ў Наваполацку: накіроўваць «палітычных» адбываць арышты ў іншыя гарады, каб абмежаваць магчымасць атрымліваць перадачы ад блізкіх і родных.

Вольгу Брыцікаву затрымалі 27 лютага 2022 году ў дзень рэферэндуму аб зменах у Канстытуцыю. Усе наступныя 5 судовых працэсаў тычыліся разбору яе пратэстаў супраць вайны ва Украіне. Першыя 15 сутак ёй прысудзілі за відэаролік супраць вайсковых дзеянняў, пасля яшчэ 15 сутак – за прымацаваны да курткі антываенны лозунг «Не вайне». Потым Вольгу асудзілі яшчэ на 15 сутак за словы «Не вайне», якія былі напісаныя на паперы і выстаўленыя ў вокнах яе кватэры (па словах праваабаронцаў, на судзе яна распавяла пра тое, што на адваротным баку былі напісаныя малітвы). Чацвёрты раз Брыцікава была асуджана на 15 сутак за антываенны пост у Інстаграме, апошні арышт яна таксама адбывала паводле артыкула 24.23 КаАП.

Да 2020-га году Вольга Брыцікава працавала на «Нафтане», аднак у снежні яе звольнілі: загад аб звальненні быў выдадзены ў сувязі з «пазбаўленнем доступу да дзяржаўнай таямніцы». Жанчыну абралі старшынёй незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве. У верасні 2021-га супрацоўнікі КДБ правялі ператрус дома і ў аўтамабілі Вольгі Брыцікавай. З таго часу ўжо было зразумела, што сілавікі не пакінуць актывістку ў спакоі, аднак з’язджаць з Беларусі Брыцікава прынцыпова адмовілася.


Міхась Хмара