Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 08 Май 2023

У віцебскім цэнтры бяспекі МНС школьнікам паказваюць, як «весці бой з фашыстамі»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

 У цэнтры бяспекі віцебскай структуры МНС стварылі экспазіцыю, прысвечаную генацыду беларускага народу, і абсталявалі пляцоўку віртуальнай рэальнасці для школьнікаў. Падлеткам прапануюць стаць абаронцамі «Полацкага рубяжу» - лініі ўмацаванняў, дзе нацысцкіх нападнікаў, якія планавалі бесперашкодны захоп Полацку, затрымалі на два тыдні. У горадзе, слаўным сваёй багатай на падзеі старажытнай гісторыяй, абралі для распрацоўкі праекта віртуальнай рэальнасці менавіта перыяд Вялікай Айчыннай вайны, і гэта ў цяперашніх ідэалагічных варунках мала каго дзівіць.

Ідэю інтэрактыўнага квэсту, які можна прайсці ў акулярах віртуальнай рэальнасці, прапанавалі настаўнікі полацкай школы №1, а тэхнічнае ўвасабленне яна займела, дзякуючы працы студэнтаў і выкладчыкаў кафедры інфармацыйных тэхналогій Полацкага дзяржаўнага універсітэта. Удзельнік квэсту назірае, як баец – ураджэнец Маскоўскай вобласці – вядзе бой з «ДОТа» (доўгачасовай агнявой кропкі). Можна разгледзець, і як уладкаваны сам «ДОТ». Дарэчы, стваральнікі праекту ездзілі ў Верхнядзвінскі раён, дзе захаваліся рэшткі такіх пабудоваў, і на падставе гэтага стваралі візуальную «карцінку».

«Пагрузіўшыся ў бой, адчуваючы жах і адольваючы яго, бо краіна патрабуе абароны, маладое пакаленне навучаецца любові да сваёй Радзімы», - лічыць намеснік начальніка абласной управы МНС Сяргей Мялешкін. Апошнім часам сярод беларусаў упарта насаджаюць меркаванне, што толькі ў баявых умовах і пад пагрозаю смерці можна выхаваць патрыятызм...

Выстава з выкарстаннем сучасных кампутарных тэхгалогій будзе паказана не толькі ў віцебскім цэнтры бяспекі МНС – яе вырашана экспанаваць ва ўсіх адукацыйных установах абласнога цэнтру. А таксама ў цэнтрах бяспекі МНС Аршанскага раёну і Наваполацку.

Жанна Жалейка