Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 16 Ліпень 2021

Уладныя стрымкі і супрацьвагі ва Украіне і Беларусі

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

Прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму не ўдалося адхіліць кіраўніка Канстытуцыйнага суду Аляксандра Тупіцкага ад пасады суддзі Канстытуцыйнага суду Украіны. Для гэтага ў снежні 2020 году Зяленскі выдаў адмысловы ўказ.

Звольнены суддзя абскардзіў указ прэзідэнта ў Вярхоўным судзе Украіны.

14 ліпеня 2021 году, разгледзеўшы скаргу, Вярхоўны суд прызнаў проціпраўным і адмяніў ўказ прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага. То бок звальненне Тупіцкага з пасады кіраўніка Канстытуцыйнага суду было прызнана незаконным.

У офісе прэзідэнта Украіны заявілі, што не згодныя з такім рашэннем Вярхоўнага суду і прыступілі да падрыхтоўкі скаргі для разгляду Пленумам ВС Украіны.

Лічу, што гэта прыклад таго, што ва Украіне на самым высокім ўладным узроўні рэальна існуе і працуе сістэма стрымак і супрацьваг паміж рознымі галінамі ўлады.

А як жа ідуць справы з наяўнасцю стрымак і супрацваг ў Беларусі? Ці ёсць у нас рэальны падзел уладаў на выканаўчую, заканадаўчую і судовую? На простым прыкладзе давяду, што яны адсутнічаюць.

9 мая 2021 году Аляксандр Лукашэнка падпісаў Дэкрэт №2 «Аб абароне суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу».

Я звярнуўся ў Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь з просьбай праверыць канстытуцыйнасць гэтага дэкрэту. КС не стаў разглядаць маю просьбу, таму што, па рэгламенце працы КС, грамадзяне не маюць права наўпрост звяртацца з прапановамі аб канстытуцыйнасці Дэкрэтаў і іншых заканадаўчых актаў.

Тады я папрасіў Савет Міністраў, Савет Рэспублікі, Палату прадстаўнікоў і Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь звярнуцца да Канстытуцыйнага Суду з прапановай даць заключэнне аб адпаведнасці Дэкрэту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 траўня 2021 №2 «Аб абароне суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу» асноўнаму закону краіны.

Усе пералічаныя дзяржаўныя органы адмовіліся скарыстацца сваім правам звяртацца ў КС краіны і праігнаравалі маю ініцыятыву праверыць на адпаведнасць канстытуцыі палажэнняў Дэкрэту №2.

Гэта адзінкавы выпадак яшчэ раз даказвае адсутнасць бачных зародкаў падзелу ўладных паўнамоцтваў паміж вышэйшымі органамі беларускай улады.

І ў завяршэнне - трохі рыторыкі.

Улада часта пытаецца ў беларускіх грамадзянаў: "Хочаце, як ва Ўкраіне?» На што я заўсёды адказваю: «Так! Хачу!»

Павел Левінаў