Друкаваць гэтую старонку
Серада, 25 Студзень 2023

«Ідэалагічны актыў» Першамайскага раёну навучалі, як ставіцца да вайны ва Украіне і да падзеяў 2020 года

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У Віцебску працягваецца «асвета» мясцовых жыхароў сталічнымі прапагандыстамі. Гэтым разам у актавай залі ААТ «Лотос» сабралі кіраўнікоў раённых адміністрацыі і так званы «ідэалагічны актыў» Першамайскага раёну для сустрэчы са старшынём праўлення ЗАТ «Второй национальный телеканал» Маратам Маркавым. Вектар размовы быў скіраваны на падмацаванне тэзы пра высокі ўзровень добрабыту ў сучаснай Беларусі ў супрацьвагу іншым краінам свету, дзе, па словах прапагандыста, «галадуюць каля 350 млн чалавек і каля 50 млн знаходзяцца на мяжы галоднай смерці». Марат Маркаў падкрэсліў, што небяспека страціць паспяховую стабільнасць абрынулася на на Беларусь у 2020г, і што падзеі ва Украіне павінны стаць урокам для беларускіх грамадзянаў.

Паводле Маркава, пратэсты супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020-га кіраваліся з-за мяжы, што грамадская актыўнасць была спланаванай, і толькі коштам гераічных высілкаў сілавікоў яе ўдалося спыніць і вярнуць краіну да ранейшага жыцця. Кіраўнік структуры дзяржтэлебачання падкрэсліў, што рэпрэсіі супраць грамадскіх актывістаў – гэта неабходная мера для падтрымання стабільнасці ў дзяржаве. Але й падтрымаў апошні пасыл Лукашэнкі пра тое, што ў 2020-м годзе за межы краіны ўцяклі беларусы, якія «памыліліся, а цяпер раскайваюцца», і што «тым, хто не разабраўся ў сітуацыі, трэба дапамагчы».

Асобна Марат Маркаў спыніўся на стаўленні да вайсковых дзеянняў ва Украіне. Паводле ягоных словаў, «расейская спецаперацыя» стала неабходнасцю перад пагрозай нацызму.што менавіта такім чынам да яе павінны ставіцца сапраўдныя беларусы, якія не хочуць, «каб было як ва Украіне». Сталічны лектар выказаў пажаданне, каб па выніках сустрэчы так званы «ідэалагічны аддзел» вёў тлумачальную працу з супрацоўнікамі прадпрыемстваў і ўстановаў Першамайскага раёну.

Таксама ён распавёў пра планы тэлеканалу, якім ён кіруе, і пра перспектывы развіцця сваёй аўтарскай перадачы «Марков. Ничего личного» на канале ОНТ, дзе ён бярэ інтэрв’ю у прадстаўнікоў дзяржапарату і праўладных актывістаў.

Цікава, што сустрэчы з Маратам Маркавым прыходзіла на прадпрыемстве, якім кіруе Вадзім Заранкін – былы старшыня Віцебскага гарвыканкаму, які 30 студзеня 2021 г. быў адпраўлены ў адстаўку. У пратэстных падзеях восені 2020г. бралі ўдзел два ягоных сыны, якіх пакаралі тады адміністрацыйнымі арыштамі.

Феліцыян Красоўскі