Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 31 Студзень 2023

Права на свабоду сходаў у Віцебску – «для галачкі»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

З 2008-га году ў абласным цэнтры не было дазволена ніводнага масавага мерапрыемства па ініцыятыве грамадскасці: мясцовыя ўлады зрабілі ўсё, каб паставіць перад актывістамі невыканальныя ўмовы для задавальнення іхных заяваў. Затое на працягу гэтых 15-ці гадоў у Віцебску ствараюць ілюзію таго, што права на свабоду сходаў дзейнічае, і ім могуць скарыстацца ўсе ахвотныя. Хаця апошнія гэтага нават не падазраюць: іх не запрашаюць нават на мерапрыемствы, арганізаваныя на афіцыйным узроўні. І толькі постфактум гараджане даведваюцца, што дзесьці прайшоў сход ці мітынг.

Апошні прыклад – імпрэза ў Парку партызанскай славы, якая прайшла ў памяць пра падзею, якая да Віцебску мае вельмі ўскоснае дачыненне, – пра прарыў блакады Ленінграда.

Гісторыкі дагэтуль спрачаюцца пра сутнасць блакады Ленінграда ў час Вялікай Айчыннай вайны, калі ў горадзе ад голаду і хваробаў загінулі тысячы людзей. Дамінуе меркаванне, што блакада гораду была часткай стратэгічнага плану Сталіна, і што сітуацыя не вымагала такой значнай колькасці ахвяраў. Прачытаць пра гэта можна ў навуковых даследаваннях, каб скласці ўласнае меркаванне пра тагачасныя падзеі. Арганізатары віцебскага мітынгу-рэквіему ўзялі за аснову традыцыйны савецкі гістарычны падыход, калі лічылася, што напрыканцы студзеня 1943г. блакаду «прарвалі» савецкія войскі.

Пра тое, як адзначалі гэтую падзею ў Парку партызанскай славы, напісала гарадская газета «Витьбичи». Паводле аўтара Алеся Бынькова, на мітынг прыйшлі прадстаўнікі розных пакаленняў – ад самых юных школьнікаў да людзей сталага ўзросту, сведкаў мінулай вайны. Слова «прыйшлі» варта ўзяць у двукоссе, бо нідзе ў горадзе не было абвестак пра імпрэзу, і «прыйсці» туды мелі магчымасць толькі непасрэдна запрошаныя асобы. Пра што і сведчаць апублікаваныя ў газеце кадры: школьнікі ў гальштуках, пенсіянеры з «дзяжурнымі» чырвонымі гваздзікамі, якія звычайна раздаюць арганізатары, і выступоўцы з мікрафонам…

Не выключана, што на мітынг-рэквіем сапраўды сабраліся б людзі, неабыякавыя да падзеяў Вялікай Айчыннай. Але віцебскія ўлады нават не лічаць патрэбным ствараць масавасць на падобных мерапрыемствах – бо яны праводзяцца «для галачкі». І такая практыка зусім не залежыць ад тэматыкі імпрэзаў. Да прыкладу, у Віцебску штогод праводзіцца ўскладанне кветак да помніка Уладзіміру Караткевічу ў тым самым парку, прычым «афіцыйнае» ушанаванне памяці пісьменніка-земляка, у якім бяруць удзел прадстаўнікі Саюзу пісьменнікаў Беларусі, актыўна асвятляецца ў дзяржаўных СМІ. Калі ж з кветкамі да помніка прыходзяць прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці, то яны рызыкуюць быць затрыманымі за правядзенне несанкцыянаванага мерапрыемства, як ужо не аднойчы бывала ў Віцебску.

Зрэшты, гарадскія ўлады, пазбавіўшы гараджан права на свабоду сходаў, самі ў адкрытую парушаюць заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.Так, летась у траўні каля амбасады Латвіі прайшлі некалькі мітынгаў пратэсту супраць адмены свята Перамогі ў гэтай краіне супраць зносу помнікаў савецкага перыяду. Тады віцебскія ўлады з усяе сілы імкнуліся прадставіць гэта як народную ініцыятыву простых грамадзянаў, нягледзячы на масавую прысутнасць удзельнікаў праўладных грамадскіх аб’яднанняў. У такім выпадку ініцыятары мусілі звярнуцца па дазволы ў райвыканкам, але адпаведных заяваў туды не паступала. Тым не менш, арганізатараў не пакаралі за парушэнне заканадаўства.

Жанна Жалейка