Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 09 Жнівень 2021

«Алень кульгае, коні худыя...» Віцябляне просяць закрыць гарадскі заапарк

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Чарапахі віцебскага заапарку Чарапахі віцебскага заапарку

Петыцыя пад назвай «Просім закрыць заапарк у горадзе Віцебск!» з'явілася на платформе petition.by 4 ліпеня 2021 году. За два тыдні пад ёй падпісаліся 270 чалавек. Зварот быў накіраваны ў Віцебскі гарвыканкам і Віцебскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. 23 ліпеня прыйшоў афіцыйны адказ, які падпісаў намеснік старшыні гарвыканкаму Віктар Глушын.

«Гэтым зваротам просім звярнуць вашую ўвагу на ўтрыманне жывёлаў у віцебскім заапарку. Мяркуем, жывёлы не атрымліваюць належны догляд: у чарапахі праламаны панцыр, вальеры маленькіх памераў, недагледжаныя, чыстай вады няма, алень кульгае, ветэрынарная дапамога не аказваецца, коні худыя, у малпаў стаіць брудная вада, платы гнілыя, і гэта толькі малая частка таго, што там адбываецца», – гаворыцца ў петыцыі.

Аўтары звароту спасылаюцца на пастановы Мінпрыроды «Аб устанаўленні патрабаванняў да зместу і (або) развядзенню дзікіх жывёлаў у няволі» і «Ветэрынарна-санітарныя правілы гадавання жывёлаў і правядзення ветэрынарных мерапрыемстваў у заапарках» Міністэрства сельскай гаспадаркі, а таксама на ўказ Прэзідэнта «Аб удасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» і на Закон «Аб жывёльным свеце».

Звяртаюць увагу мясцовых органаў улады на тое, што «дзікія жывёлы павінны ўтрымлівацца ў вальерах, клетках, басейнах, акварыумах і (або) іншых памяшканнях для ўтрымання дзікіх жывёлаў у няволі, нормы плошчы, абʼёму, вышыні і глыбіні якіх не могуць быць менш, чым мінімальныя нормы памяшканняў для ўтрымання дзікіх жывёлаў».

Паводле заканадаўства, «памяшканні павінны быць абсталяваныя пабудовамі і прыстасаваннямі, якія забяспечваюць жыццядзейнасць дзікіх жывёлаў у няволі і ўлічваюць індывідуальныя асаблівасці выгляду (кармушкі, аўтапаілкі, абагравальнікі, сістэмы ачысткі і аэрацыі вады, дрэнажныя сістэмы, якія адводзяць лішкі вады з памяшкання, вадапоі, норы, гнёзды, стаўкі, басейны, гроты ды іншае), а таксама ўтрымліваць грунт (пясок, гліна, камяні рознай велічыні і іншае) або субстрат рознай шчыльнасці (торф, мох, габлюшка і іншае)».

Неабыякавыя грамадзяне папрасілі каб улады правялі праверку па прыкметах невыканання службовымі асобамі Віцебскага заапарка патрабаванняў па ўтрыманню дзікіх жывёлаў у няволі і правядзенні ветэрынарных мерапрыемстваў, устаноўленых заканадаўствам. У выпадку ўстанаўлення фактаў парушэння заканадаўства – прыцягнулі вінаватых асоб да адказнасці, а таксама – зрабілі захады па закрыцці віцебскага заапарку.

Паводле адказу, атрыманага з гарвыканкаму, «дзікія жывёлы ва ўстанове культуры «Віцебскі заалагічны парк» утрымліваюцца ў клетках, вальерах і іншых памяшканнях для ўтрымання жывёлаў, нормы плошчы якіх адпавядаюць нормам плошчы памяшканняў, вызначаным пастановай Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь».

Віктар Глушын указвае, што жывёлы, якія знаходзяцца ў жаласным стане (напрыклад, чарапаха і алень) паступілі ў заапарк ужо ў такім выглядзе. Нібыта «алень быў дастаўлены Бешанковіцкай інспекцыяй прыродных рэсурсаў пасля таго, як ён з прастрэленым плячом прыйшоў на хутар мясцовага жыхара». Коні ж, наагул, на думку чыноўніка, «знаходзяцца ў добрай фізічнай форме».

Ці збіраюцца ўлады закрываць заапарк, канкрэтнага адказу не прагучала. Афіцыйны адказ чыноўнік завяршае сцвярджэннем, «што існуюць альтэрнатыўныя пункты гледжання ў гэтым пытанні» і спасылаецца на карэспандэнта газеты «Віцьбічы», які пабываў у мясцовым заапарку.

Ці гатовыя ўлады прымаць альтэрнатыўныя пункты гледжання ў гэтым пытанні, невядома. Але сайт petition.by, на якім размяшчаецца дадзены зварот быў 7 жніўня заблакаваны. Зайсці на яго можна толькі праз VPN.

Вiталь Емяльянаў