Друкаваць гэтую старонку
Субота, 09 Снежань 2017

“А сьвятло вечнае няхай ім сьвеціць”. У “расстрэльным” лесе пад Хайсамі асьвяцілі крыжы

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Асьвячэньне крыжа Асьвячэньне крыжа

У Вераб’ёвым лесе пад Хайсамі (Віцебскі раён) 9 сьнежня былі асьвечаныя крыжы, усталяваныя ў памяць бязьвінных ахвяраў, расстраляных на гэтым месцы ў 1937-1941 гадах катамі НКВД. Крыжы асьвяціў пробашч віцебскай парафіі сьвятога Антонія ксёндз Вячаслаў Барок.

Удзельнікі асьвячэньня ўсклалі да падножжа крыжоў кветкі і запалілі сьвечкі. Гучалі шчырыя малітвы.

Каб абралі лепшую будучыню…   

Зьвяртаючыся да Ўсемагутнага, айцец Вячаслаў прасіў блаславіць крыжы, узьнесеныя на месцы зьдзяйсьненьня злачынстваў чырвонага тэрору.

– І няхай нашая вера ў валадарства Божае садзейнічае таму, каб наш сьвет адбудоўваўся да лепшага, каб будаваўся ён на падмурках праўды і справядлівасьці. Дазволь кожнаму, хто прыняў несправядлівую сьмерць і хто пахаваны ў гэтым лесе, дачакацца хвалебнага ўваскрашэньня, – прасіў сьвятар.

Ксёндз Вячаслаў Барок

Маліўся таксама за ўсіх нашчадкаў. Каб мы, “будучы дзецьмі ахвяраў альбо дзецьмі катаў, навучыліся будаваць сваю будучыню на падмурках валадарства Божага, на каштоўнасьцях хрысьціянскай міласэрнасьці, любові і прабачэньня.

– Дазволь нам абраць лепшую будучыню! – маліўся ксёндз.

“Казаў, што ў лесе аж зямля  варушыцца…”

Вераб’ёвы лес пад Хайсамі ўжо называюць “віцебскімі Курапатамі”. Першыя крыжы паўсталі тут яшчэ ў 2014-м. Цяпер іх у “расстрэльным” лесе 34. Апошні вялікі крыж быў пастаўлены на ўскрайку лесу, яго добра відаць з трасы “Віцебск - Гарадок”.

Віцебскі актывіст і стваральнік грамадзкай ініцыятывы “Хайсы” Ян Дзяржаўцаў, які зладзіў для ўдзельнікаў асьвячэньня крыжовую выправу па лесе, ня мае аніякіх сумневаў, што людзей тут забіваў менавіта НКВД.

Ян Дзяржаўцаў

Кажа, што за тры гады сабраў сьведчаньні ўжо 32-х мясцовых жыхароў. Адзін зь іх, Аляксей Нікіцін, падзяліўся ўспамінамі сваёй бабулі:

– Бабуля мая паўтары кілямэтры адсюль жыла. І распавядала, што кожную ноч тут чулася стральба. А дзед аднойчы прыйшоў з грыбоў і казаў, што ў лесе аж зямля  варушыцца. Усе мясцовыя жыхары пра гэта ведалі, што энкавэдэшнікі тут расстрэльвалі, а ніякія ня немцы. Але людзі баяліся расказваць адзін аднаму. Калі толькі шэптам, каб дзеці ня чулі ды іншым, ня дай Божа, не распавялі. Баяліся, што таксама расстраляюць…

Аляксей Нікіцін

За пахаваньне парэшткаў – у суд

– І мы будзем дамагацца, каб дасьледавалі іншыя месцы, таму што тут вельмі шмат яшчэ чалавечых парэшткаў. Людзей закопвалі як сабак, – гаворыць Ян Дзяржаўцаў. Але з сапраўднымі навуковымі дасьледаваньнямі вялікая праблема. Пакуль што пахаваньні “дасьледуюць” адно “чорныя капальнікі” (вырытыя ў лесе ямы – зусім сьвежыя).

Адна зь ям, пакінутая "чорнымі капальнікамі"

Што праўда, у 2015 годзе ў лесе працаваў 52-і пошукавы батальён, пасьля якога давялося зьбіраць чалавечыя парэшткі па ўсім лесе. Актывісты пахавалі іх у трунах каля трох вялікіх крыжоў, усталяваных у верасьні 2017 году. А ў сьнежні на Яна Дзяржаўцава, на падставе заявы старшыні Мазалаўскага сельсавета, быў складзены пратакол паводле артыкулу 23.43 КаАП (“Парушэньне заканадаўства аб пахаваньні”).  

Судовае паседжаньне адбудзецца 12 сьнежня ў судзе Віцебскага раёну (вул. Праўды, 34). Пачатак – у 9.30.  

– Мы пахавалі іх па-людзку. І вось за гэта мяне будуць судзіць. Але што б яны ні казалі і ні рабілі, мы працягваем выконваць свой хрысьціянскі абавязак. Будзе і на гэтую ўладу, я спадзяюся, Божы суд, – кажа Ян Дзяржаўцаў.

Алесь Чахольскі: Зроблена вялікая справа

Падтрымаць Яна Дзяржаўцава падчас судовага працэсу заклікаў адказны сакратар Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ і старшыня камісіі Сойма па Курапатах і Чарнобылю Алесь Чахольскі, які прысутнічаў на асьвячэньні крыжоў у Хайсах.

– Зроблена вялікая справа, бо я больш 20 гадоў займаюся ўпарадкаваньнем Курапатаў і ведаю, што гэта такое. І дзякуй, што тут ёсьць такі чалавек, як Ян Дзяржаўцаў. Што ён узяў на сябе гэтую адказнасьць і нясе гэты крыж змаганьня за “віцебскія Курапаты”…

І за тое, што гэты чалавек зрабіў боскую справу, улады зьбіраюцца яго судзіць. Хаця да суду мусяць быць прыцягнутыя старшыня Мазалаўскага сельсавета, старшыня Віцебскага райвыканкаму, Віцебскага аблвыканкаму, участковы, начальнік РОВД… Бо пачынаючы з 2014 году яны ведалі, што тут робіцца. І ўжо амаль чатыры гады ня робяць аніякіх захадаў, - заўважыў Алесь Чахольскі.

– Людзі выканалі загад Божы, а ён важнейшы за ўсе законы людзкія. Бо законы людзкія зьмяняюцца, а Божы загад, каб чалавек заставаўся чалавекам, нязьменны і вечны. Няхай жа Бог дае нам мужнасьці быць людзьмі ў гэтых нялюдзкіх умовах, – зычыў на заканчэньне ксёндз Вячаслаў Барок.

Напрыканцы ўдзельнікі асьвячэньня выканалі беларускі гімн “Магутны Божа”.

Зьміцер Міраш, фота аўтара