Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 27 Май 2019

“Замянілі акумулятары”. У Віцебску прайшоў форум недзяржаўных арганізацыяў

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
"Жыве!" - сьцьвердзілі ўдзельнікі форуму "Жыве!" - сьцьвердзілі ўдзельнікі форуму

У абласным цэнтры 25 траўня прайшоў Форум недзяржаўных арганізацый (НДА) Віцебшчыны. Атрымалася крэатыўна, зьмястоўна і смачна. А галоўнае – нефармальна. Імпрэза, якую зладзіла гарадзкая прастора Vitebsk4.me, сабрала каля 100 актывістаў трэцяга сэктару рэгіёну. І ня толькі трэцяга.

Знаёміцца, камунікаваць, вучыцца адзін у аднаго, каб знайсьці ў выніку новыя шляхі ўзаемадзеяньня і паміж сабой, і з прадстаўнікамі дзяржаўных структураў. Дасягнуць гэтай мэты можна было толькі праз шчырасьць і разьняволенасьць – у нефармальнай абстаноўцы. Таму перад тым, як перайсьці да цэнтральнай часткі сустрэчы – дыскусіі, удзельнікі акунуліся ў гульню-камунікацыю, вынікам якой стала аптымістычнае сьцьверджаньне: “Жыве Беларусь!”

Глядзелася вельмі апэтытна (словы складаліся зь літараў-пернікаў) і пазытыўна, амаль без палітычнага падтэксту. Маўляў, мы жывыя, НКА – жывыя, Беларусь жывая, і з гэтага моманту стане яшчэ жывейшая...

Улада – гэта таксама людзі?..

Гэты разьняволены аптымізм павольна перацёк у дыскусію, сьпікерамі якой былі ня толькі прадстаўнікі трэцяга сэктару, але і ўлады. Прамоўцамі выступалі галоўны спэцыяліст Шаркоўшчынскага райвыканкаму па пытаньнях спорту, турызму, праектнай дзейнасьці і міжнародных адносінаў Натальля Арэшкава, удзельнік “Полацкага цэнтру мясцовых ініцыятываў” і каардынатар праектаў Ігар Загрэкаў, а таксама грамадзкая актывістка зь Верхнядзьвінску Валянціна Болбат.

Падчас дыскусіі: Уладзімер Булаўскі (мадэратар, стаіць), Валянціна Болбат, Ігар Загрэкаў, Натальля Арэшкава

“Мясцовыя органы ўлады таксама людзі” – гэтая тэза, прамоўленая чыноўніцай з Шаркоўшчыны Натальляй Арэшкавай стала бадай асноўным нэрвам дыскусіі.

Натальля Арэшкава ўпэўненая, што на сваёй маленькай тэрыторыі можна рабіць вялікія справы. Зараз яна каардынуе на Шаркоўшчыне праект па моладзевым прадпрымальніцтве (мэтавая аўдыторыя – школьнікі). Падчас дыскусіі яна сьцьвердзіла, што ўлада таксама можа быць партнэрам у добрых справах.

“Але партнэрству трэба навучацца. Вось! Усюды ёсьць людзі, зь якімі можна размаўляць”, – запэўнівала Натальля, маючы на ўвазе людзей пры ўладзе.

7 парадаў, як падыйсьці да чыноўніка

Каб ня быць галаслоўнай, Натальля прапанавала ўдзельнікам 10 лайфхакаў правільнага падыходу да чыноўнікаў. Вось некалькі парадаў ад спадарыні Арэшкавай.

  • “Не патрабуйце, а прапануйце!”
  • “Прасіце ня грошы, а чалавечы рэсурс”.
  • “У вас павінна быць добра рэпутацыя…”
  • “Ясна і ўцямна фармулюйце ідэі”
  • “Не хадзіце праз галовы…”
  • “Знайдзіце свайго чалавека ў выканкаме…”
  • “Зычлівасьць – залог посьпеху ў камунікацыях з чыноўнікамі”.

“Паперы, паперы, паперы…”

У сваю чаргу Валянціна Болбат, зьвяртаючыся да чалавечнай і вельмі адкрытай чыноўніцы з Шаркоўшчыны, заклікала: “Чыноўнікі, даносьце да чыноўнікаў: ня трэба падзяляць людзей на “сваіх” і “не сваіх!” Як мяркуе актывістка, такі падзел – вялікая праблема, якая перашкаджае супрацоўніцтву.

Натальля Арэшкава згаджалася з гэтым і прызнавалася, што шмат хто з чыноўнікаў проста не разумее, што такое НДА: “У іх проста няма часу ўваходзіць у гэта…”

Між тым, Ігар Загрэкаў, былы ўжо чыноўнік, казаў, што і людзі збольшага не ўяўляюць сабе, чым займаюцца супрацоўнікі дзяржорганаў. А гэта – “паперы, паперы, паперы…

“Трэба дапамагаць людзям паверыць у сябе”

Удзельнікі дыскусіі адказвалі на пытаньні з залі, дзяліліся гісторыямі посьпеху, сакрэтамі сваёй дзейнасьці, паспрабавалі разьвязаць ці не найбольш балючую на сёньня праблему – прыцягненьне ў актывізм моладзі.

“Усё адразу не адбываецца. Дружба ўлады і НДА, у розных кантэкстах, яна абавязкова наладзіцца і будзе. Да яе проста патрэбна прыйсьці, і ўласна я абяцаю спрыяць гэтаму працэсу”, – паабяцала напрыканцы Натальля Арэшкава.

Асноўнай праблемай на гэтым шляху зьбліжэньня Ігар Загрэкаў лічыць бязьвер’е, якое пануе ў грамадзтве. “Трэба дапамагаць людзям верыць у сябе. Дайце ім разьвівацца, дайце ім атрымліваць патрэбную інфармацыю!” – заклікаў полацкі актывіст.

Завяршаючы дыскусію, Валянціна Болбат запэўніла, што размова ў межах дыскусіі стала для яе акумулятарам. “Дык тут усе свае акумулятары заменяць”, – пажартаваў нехта з залі.

  Форум сапраўды быў багаты на эмоцыі і энэргію

Пасьля перапынку ў межах форуму НДА Віцебшчыны ўдзельнікі прэзэнтавалі сваю дзейнасьць – у модным цяпер фармаце PechKucha (ПечаКуча). Прайшлі таксама майстар-клясы па прасоўваньні сваіх арганізацыяў у сацсетках і СМІ з удзелам магілёўскага журналіста і блогера Дзяніса Васількова  і рэдактаркі спэцпраектаў парталу  34mag.net Машы Яромы.

Форум НДА праходзіў у Віцебскай абласной бібліятэцы.

Зьміцер Міраш, фота аўтара