Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 10 Верасень 2019

“Заслугоўвае ўвагі”. У Віцебску зьявяцца ўсё ж шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц?..

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Шыльда ў Пружанах. Фота: Зьміцер Юркшайціс (Courtesy Photo) Шыльда ў Пружанах. Фота: Зьміцер Юркшайціс (Courtesy Photo)

Актывісты “Альтэрнатывы” абскардзілі ў Віцебскім аблвыканкаме адмову гарадзкіх уладаў разьмясьціць у цэнтры Віцебску шыльдачкі з гістарычнымі назвамі вуліцаў. У аблвыканкаме да ідэі паставіліся больш прыхільна. У адказе на скаргу паведамілі, што “дадзеная прапанова можа быць рэалізаваная пасьля грунтоўнай дапрацоўкі”.

Нагадаем, актывісты “Альтэрнатывы” прапаноўвалі прадубляваць цяперашнія назвы 14-ці вуліц у цэнтры гораду гістарычнымі назвамі. Пад зваротам у Віцебскі гарвыканкам падпісалася каля тысячы чалавек.  Але гарадзкія ўлады палічылі, што нанясеньне гістарычных назваў “можа прынесьці пэўныя нязручнасьці для жыхароў і гасьцей гораду…” Аўтары звароту абскардзілі такое рашэньне і атрымалі адказ з Віцебскага аблвыканкаму.

“Лічым, што дадзеная прапанова заслугоўвае ўвагі пры ўмове вызначэньня крыніц фінансаваньня”,  – адказаў актывістам намесьнік старшыні Віцебскага аблвыканаму Уладзімер Пенін.

Але піша, што прапанаваныя гістарычныя назвы “патрабуюць сур’ёзнай дапрацоўкі з удзелам спэцыялістаў-гісторыкаў”.

“Такім чынам, дадзеная прапанова можа быць рэалізаваная выключна пасьля грунтоўнай дапрацоўкі пры ўмове адлюстраваньня на інфармацыйных шыльдах усіх гістарычных назваў геаграфічных аб’ектаў, якія разьмяшчаліся раней на вуліцах (ці іх частках) гораду і пры ўмове вызначэньня крыніц фінансаваньня”, – падсумаваў чыноўнік.  

“Цяпер будзем дабівацца канкрэтыкі і трымаць гэтае пытаньне на іх увазе”, – абяцае стваральнік аб’яднаньня “Альтэрнатыва” Алег Корбан.

Між тым, паводле віцебскага актывіста Уладзімера Булаўскага дызайн шыльдаў з гістарычнымі назвамі віцебскіх вуліц ужо амаль распрацаваны.

“Мы зараз завяршаем дызайн шыльдаў, атрымалі навукова абгрунтаваную інфу, выбралі два дамы па Талстога і Крылова, як толькі будуць гатовыя ўсё ўзгадненьні, вырабляем і разьмяшчаем”, – паведаміў Булаўскі ў Telegram-чаце Vitebsk4People.

 

Зьміцер Міраш