Друкаваць гэтую старонку
Серада, 22 Чэрвень 2022

Праваслаўную моладзь Віцебшчыны вучаць рыць акопы і падносіць снарады

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Такія віды дзейнасці анансаваныя ў праграме 14-га вайскова-патрыятычнага і спартовага злёту праваслаўнай моладзі, які распачаўся ў Полацкім памежным атрадзе. У ім возьмуць удзел 12 каманд, у складзе якіх па 10 хлопцаў ва ўзросце ад 10 да 16 гадоў, у тым ліку выхаванцаў кадэцкіх вучэльняў.

На злёт праваслаўнай моладзі прыехалі каманды з усіх абласцей Беларусі. Асобна для полацкіх кадэтаў памежны атрад прадаставіў магчымасць арганізаваць асобны летнік пад назовам «Гвардзеец -2022». 52 выхаванцы полацкай кадэцкай вучэльні навучацца абыходзіцца са зброяй, атрымаюць навыкі стральбы з вінтоўкі і аўтамата, паспрабуюць сябе ў кіданні гранаты,піша газета “Полацкі веснік”.

Што да злёту праваслаўнай моладзі, то для хлопцаў прадугледжана экскурсійная праграма, мерапрыемствы па ўшанаванні памяці памежнікаў, загінулых на пачатку Вялікай Айчыннай вайны, а таксама ваенізаваная эстафета. Менавіта тут юным вернікам будзе дадзена магчымасць праявіць сябе на «полі бою»: яны будуць рыць акопы, аказваць першую медычную дапамогу, дастаўляць боепрыпасы і г.д.

Ужо не першы год прадстаўніцтва РПЦ у Беларусі ладзіць ваенізаваныя імпрэзы для дзяцей і падлеткаў. Сёлета, калі йдуць вайсковыя дзеянні ва Украіне, навучанне падлеткаў карыстацца зброяй выглядае асабліва правакацыйна. Днямі Патрыярх Кірыл, падчас наведвання шпіталя, дзе ляжаць параненыя расейскія вайскоўцы,заявіў, што яны “здзяйсняюць свой подзвіг, як гэта рабілі святыя падзвіжнікі».

Між тым на Полаччыне для праваслаўнай моладзі знайшлося б багата справаў, у якіх можна і спраўдзіць уласныя рэлігійныя пачуцці, і папрацаваць на карысць роднай краіны. Так, на афіцыйным сайце Полацкай епархіі размешчана запрашэнне для валанцёраў, ад якіх чакаюць «любой дапамогі ў любым выглядзе» у рэстаўраванні Нікольскай царквы ў 5 км ад Полацку на беразе возера Ропна. А таксама патрабуецца дапамога ў расчыстцы храма-усыпальніцы Рымскіх-Корсакавых каля вёскі Мышчана. Аднак замест мірнай і стваральнай працы беларускіх падлеткаў запрасілі «ваяваць».


Міхась Хмара