Друкаваць гэтую старонку
Серада, 22 Чэрвень 2022

Ахвотныя могуць «рэканструяваць» плошчу Перамогі. Ці гэта рэальна?

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Гарвыканкам абвясціў конкурс ідэй для добраўпарадкавання гарадскіх аб’ектаў у Віцебску. Спачатку абласная газета «Витебские вести» надрукавала заклік падзяліцца меркаваннямі пра магчымасць рэканструкцыі дваравых тэрыторый, Парку імя Савецкай Арміі і Плошчы Перамогі – той самай плошчы, на якой 14 год таму знішчылі сквер, заклаўшы ўсю прастору брукаванкай. Падобна, што пажаданні гараджанаў вярнуць усё, як было раней, спалохалі імітатараў дэмакратычнага працэсу вывучэння грамадскай думкі. І гарвыканкам перафарматаваў ініцыятыву, абмежаваўшы ўдзельнікаў строгімі правіламі.

Няхай вяртаюць сквер!

Пра пажаданае аблічча плошчы Перамогі віцебскія ўлады маглі б і не пытацца: ужо дзясяткі петыцый і зваротаў былі накіраваны да іх з патрабаваннямі вярнуць зялёны куток у цэнтры гораду. Але брукаваная пустэча была бліжэйшая сэрцу тагачаснага старшыні аблвыканкаму Аляксандра Косінца, па рашэнні якога былі знішчаны клумбы з кветкамі і дрэвы рэдкіх відаў. Наступныя кіраўнікі гораду і вобласці толькі падтрымлівалі ягоную ініцыятыву.

Калі ў «Витебских вестях» з’явіўся заклік выказаць думкі наконт выгляду Плошчы Перамогі, у гарадскіх пабліках зноўку запанавала думка, што можна дамагчыся вяртання скверу. Абмеркаванне рэканструкцыі Парку імя Савецкай Арміі не выклікала практычна аніякай актыўнасці інтэрнэт-карыстальнікаў. А загадкавая фармулёўка наконт упарадкавання «прыдваровых тэрыторый з улікам брэндавых элементаў» спарадзіла хіба што насмешкі: маўляў, брэндавы элемент віцебскіх двароў – гэта яміны ў асфальце.

Тым часам, як некаторыя віцябляне песцілі надзею, што «улады нарэшце пачулі», і што Плошчу Перамогі вернуць у ранейшы стан, як праз 15 гадоў і безліч просьбаў сёлета вярнулі аўтэнтычны колер «сіняму дому», гарвыканкам выступіў ужо з афіцыйнай прапановай.

Афіцыйны конкурс наконт зменаў гарадскога асяроддзя

Брэндавыя элементы віцебскіх двароў чыноўнікі ўжо не згадваюць. А вось наконт зменаў для набярэжнай Дзвіны, Парку імя Савецкай Арміі, Плошчы 1000-годдзя Віцебску і Плошчы Перамогі гарвыканкам нібыта гатовы прымаць новыя ідэі.

Але гэта ўжо павінны быць не меркаванні шэраговых віцяблянаў, а «ідэі дызайн-канцэпцыі архітэктурна-ландшафтнага афармлення прасторы». Інакш кажучы, гэта ўжо не апытанне, а афіцыйны конкурс. Да ўдзелу ў іх запрашаюць тых, хто здольны прадставіць на першы тур «тэкстава – графічную прэзентацыю аб’екта, якая апісвае сацыяльную значнасць ідэі, раскрывае сутнасць, навізну і канкурэнтныя перавагі ідэі, якая ўключае ўстаноўку малых архітэктурных форм, дэкаратыўных скульптурных кампазіцый, кветкавых кампазіцый, творчых і гульнёвых пляцовак, сенсорных садоў ды іншага на тэрыторыі ўказаных аб’ектаў». Патрабаванні для тых удзельнікаў, што трапяць у другі тур, яшчэ больш складаныя: трэба будзе прадставіць мультымедыйную прэзентацыю сваёй ідэі, а таксама ацэнку матэрыяльных рэсурсаў для яе ажыццяўлення.

Такім чынам, меркаванне грамадскасці, якое мусіла б быць падмуркам для прафесійных распрацовак, віцебскія чыноўнікі ад пачатку паставілі ў залежнасць ад пазіцыі адмыслоўцаў. Толькі ці захочуць яны  ўзяць удзел у такім конкурсе?

Што ў выніку? Падобна, што нічога

З умоваў конкурсу вынікае, што ўдзельнікі павінны распрацаваць свае канцэпцыі і ўвасобіць у візуальныя вобразы абсалютна бясплатна. Больш за тое: нават для пераможцаў не будзе аніякіх прызоў ці іншых матэрыяльных стымулаў. «Найлепшыя ідэі і праекты могуць быць рэалізаваныя за кошт бюджэтных сродкаў і ды іншых крыніцаў фінансавання», пішуць арганізатары. Уважлівы чытач разумее: «могуць быць рэалізаваныя», а могуць і «не быць».

На ўмовах ананімнасці адзін з віцебскіх архітэктараў падзяліўся сваім меркаваннем пра ўмовы конкурсу і яго верагодныя вынікі:

«Гэта каласальная праца, калі ты распрацоўваеш архітэктурную канцэпцыю некага гарадскога аб’екта, і вельмі адказная, калі вядзецца пра значны аб’ект, асабліва ў цэнтры. Я не бачу сябе ў шэрагу ўдзельнікаў ужо таму, што маю над чым працаваць за грошы, і не маю вялікага матэрыяльнага запасу, каб кінуць зараз працу і аддаць сілы і час дзеля ўяўнай перамогі. Прадбачу, што прафесіяналы возьмуць удзел толькі тады, калі ўжо маюць нейкія распрацоўкі, і не выключаю, што пра іх ужо вядома арганізатарам. Магчыма, будуць прадстаўлены і нейкія непрафесійныя «малюнкі на аркушыках у клетачку», але тут зусім без шанцаў».

Як паказвае досвед, ад падобных конкурсаў да ўвасаблення нейкай ідэі вядзе шлях у некалькі гадоў. Як было, прыкладам, з конкурсам скульптурных выяваў Альгерда ці Аляксандра Неўскага. Тады журы раіла шэрагу аўтараў нешта дапрацаваць, перарабіць, стварыць кааліцыю з іншым творцам і г.д. Да ўсяго, заўсёды можна сказаць, што ўлады пайшлі дэмакратычным шляхам і спыталі гараджан пра пераўтварэнні, але, на жаль, вартых прапановаў не было.

Таццяна  Віктарава