Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 15 Красавік 2014

Доктар Пастноў паехаў у Расею да незалежных экспэртаў-псыхіятраў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ігар Пастноў Ігар Пастноў

Віцебскі лекар Ігар Пастноў паехаў у Маскву да незалежных экспэртаў расейскай псыхіятрыі. У інтэрвію сайту freeregion.info Пастноў заявіў, што едзе ў Расею “для ўдакладненьня дыягназу, пастаўленага віцебскімі псыхіятрамі”. “Але самае галоўнае, там будзе вырашацца абгрунтаванасьць (і мэтадаў лячэньня) пры маёй гвалтоўнай шпіталізацыі”, — сказаў ён.

У 2013 годзе Пастноў больш як месяц знаходзіўся на прымусовым лячэньні ў Віцебскім абласным клінічным цэнтры псыхіятрыі. “Гэтае “лячэньне” нагадвае нацысцкія катаваньні, — сказаў лекар. — Вадкія лекі ўводзілі ў нос, каб ня змог выплюнуць, пры гэтым я задыхаўся, была рэальная пагроза асфіксіі. Яшчэ было вялікае катаваньне для мяне, калі з маіх грудзей загадчыца аддзяленьня Васільева імкнулася сарваць хрысьцільны праваслаўны крыж, які я ніколі не здымаю, нават калі мыюся ў лазьні. За супраціўленьне мяне зьмясьцілі ў назіральную палату да буяных хворых. Мне, як і іншым кліентам, былі катэгарычна забароненыя зносіны са зьнешнім сьветам: сваякамі, сябрамі. За ўвесь час знаходжаньня (больш як 1,5 месяца) у клініцы ні разу ня быў пракурор, каб пацікавіцца захаваньнем правоў пацыентаў. Многія зь якіх пазбаўленыя дзеяздольнасьці. Значыць, поўнасьцю знаходзяцца пад аховай дзяржавы”.

Пастнову, паводле яго слоў, паставілі дыягназ: “параноіднае разладзьдзе асобы з квэрулянскімі тэндэнцыямі”. Нібыта яму ўласьцівыя азлобленасьць, падазронасьць, бачаньне падману і пагроз, вечная незадаволенасьць усім, скаргі ва ўсе інстанцыі на няісныя пагрозы.

Крыніца: БелаПАН