Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 01 Кастрычнік 2018

У псыхушку пад прымусам. Віцябляне паскардзіліся ў пракуратуру на дзеяньні сьледчай і міліцыі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард і Ігар Пастноў Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард і Ігар Пастноў

Жыхары Віцебску Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард і Ігар Пастноў накіравалі скаргі ў абласную пракуратуру на незаконныя дзеяньні сьледчай УСК па Віцебскай вобласьці Людмілы Руткоўскай, якая на падставе правядзеньня працэсуальных дзеяньняў 27 верасьня пад прымусам даставіла віцяблян у Рэспубліканскі цэнтар псыхіятрыі.

Нагадаем, віцябляне былі адпраўленыя ў Менск для праходжаньня псыхіятрычнай экспэртызы пад канвоем і ў кайданках. Аднак галоўны ўрач Рэспубліканскага цэнтру псыхіятрыі ў Навінках адмовіўся праводзіць экспэртызу. Сьледчая Руткоўская разам з канвоем зьехала, пакінуўшы мужчын у Менску без грошай і тэлефонаў.  

У сваёй скарзе на імя пракурора Віцебскай вобласьці Вадзіма Сушчынскага Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард патрабуе правесьці службовую праверку законнасьці і абгрунтаванасьці дзеяньняў сьледчай СУ УСК па Віцебскай вобласьці Людмілы Руткоўскай, абавязаць сьледчую вярнуць мабільны тэлефон, а таксама правесьці праверку на прадмет наўмыснага адключэньня камэр відэаназіраньня ў будынку абласнога УСК.

Як піша, у дачыненьні яго і Пастнова сьледчая незаконна прымяніла меры працэсуальнага прымусу (канвой) з выкарыстаньнем фізычнай сілы з боку міліцыі.   

“У прысутнасьці сьведак супрацоўнікі міліцыі павалілі Пастнова на падлогу і пачалі штурхаць нагамі. Ад болю і сардэчнага прыступу Пастноў страціў прытомнасьць. Мае патрабаваньні выклікаць хуткую дапамогу былі праігнараваныя. Абмяклае цела Пастнова цягнулі калідорамі ў машыну”, - сьцьвярджае заяўнік.

Кажа, што ўсе гэтыя дзеяньні ён здымаў на тэлефон. Менавіта таму пазьней сьледчая яго і забрала (“Руткоўская адкрыта скрала нашыя тэлефоны”). Запэўнівае, што відэаназіраньне ў будынку УСК было сапраўды адключанае.

Кірылаў-Шмільхольдхард піша ў скарзе, што перад тым як Руткоўская сілай высадзіла яго з машыны на плошчы чыгуначнага вакзалу ў Менску, яна званіла начальству, а потым сказала: “Як паведаміў мой непасрэдны начальнік, патрабаваньні Цэнтральнага апарату СК для мяне не зьяўляюцца законнымі. Пайшоў вон!..” Скаржнік сьцьвярджае, што пры гэтым супрацоўнікі міліцыі абражалі яго ў грубай і непрыстойнай форме. Нагрудныя відэарэгістратары ў міліцыянтаў з канвою таксама былі адключаныя.

Расказвае, што, апынуўшыся бяз грошай і тэлефону ў чужым горадзе, накіраваўся ў будынак Цэнтральнага апарату СК РБ, дзе зрабіў запіс у кнізе заўваг і прапаноў і перадаў дзяжурнаму сьледчаму заяву на імя старшыні з просьбай аказаць садзейнічаньне ў вяртаньні ў Віцебск, але дапамогі не атрымаў.

"Падайце на зваротны шлях да... сьледчай"

Па словах Кірылава-Шмільхольдхарда, пасьля гэтага ён некаторы час стаяў на ганку Адміністрацыі прэзыдэнта з аркушам паперы ў руках, на якім было напісана: “Падайце на зваротны шлях у Віцебск да сьледчай Руткоўскай”. Кажа, што сабраў 15 рублёў, якіх хапіла, каб купіць квіток на маршрутку да Віцебску.

“Квіток захаваў і яшчэ прад’яўлю рахунак Сьледчаму камітэту”, – абяцае Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард.

Ён таксама паведаміў “Віцебскай вясьне”, што на наступны дзень па прыбыцьці ў Віцебск напісаў заяву ў суд з просьбай прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці (бязьдзеяньне службовай асобы) начальніка Упраўленьня сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласьці Уладзімера Шалухіна.

“Такога не было і ў 1937-м…”

У сваю чаргу, віцебскі доктар-праўдаруб Ігар Пастноў выказвае меркаваньне, што гэта была чарговая спроба ягонага фізычнага зьнішчэньня. “Так адкрыта рэпрэсіўныя органы не працавалі нават у 1937-м”, – кажа.

Пастноў таксама накіраваў скаргі ў адпаведныя органы.

Нагадаем, у дачыненьні Пастнова і  Кірылава-Шмільхольдхарда была распачатая крымінальная справа паводле ч.2  арт. 188 КК РБ (Паклёп). Віцяблян падазраюць у паклёпе на пракурора Віцебска Юрыя Раманоўскага, але абвінавачаньне пакуль не прад’явілі. Яны знаходзяцца ў статусе падазраваных.

Зьміцер Міраш

    

3 камэнтары