Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 17 Сакавік 2017

Былыя кандыдаты ў дэпутаты зьвярнуліся ў Камітэт па правох чалавека ААН

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Алена Шабуня, Тацяна Севярынец, Георгі Станкевіч Алена Шабуня, Тацяна Севярынец, Георгі Станкевіч

Алена Шабуня, Тацяна Севярынец і Георгі Станкевіч накіравалі зварот у КПЧ. Яны просяць камітэт ААН прызнаць Рэспубліку Беларусь парушальніцай артыкулаў 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох.

27 ліпеня 2016 году ў адпаведнасьці з артыкулам 61 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь актывісты зьбіралі подпісы выбаршчыкаў для свайго вылучэньня ў кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Збор подпісаў праводзіўся ў форме групавога пікетаваньня. А для прыцягненьня выбаршчыкаў выкарыстоўваліся бел-чырвона-белы сьцяг з эмблемай «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі», калектыўныя сьпяваньне гімну «Магутны Божа» і песьні «Сьцяг» са скандаваньнем лёзунгу «Жыве Беларусь!»

Атрымліваць дазвол на пікетаваньне дзеля названай мэты не патрабуецца, калі яно ладзіцца ў месцах, не забароненых мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. А ў адпаведнасьці з рашэньнем Віцебскага гарвыканкаму месца пікетаваньня ў пераліку забароненых адсутнічала.

31 жніўня 2016 году супрацоўнікамі міліцыі аддзелу ўнутраных спраў адміністрацыі Кастрычніцкага раёну гораду Віцебску былі складзеныя пратаколы пра адміністрацыйныя правапарушэньні. Згодна з пратаколамі, Алена Шабуня, Тацяна Севярынец і Георгі Станкевіч абвінавачваліся ва ўдзеле ў пікетаваньні на вулічнай пляцоўцы каля падземнага пераходу да Летняга амфітэатру з парушэньнем вызначанага Законам Рэспублікі Беларусь «Аб масавых мерапрыемствах» парадку. Гэтыя пратаколы 26 верасьня 2016 году былі разгледжаныя судзьдзём суду Кастрычніцкага раёну гораду Віцебску Ўладзімерам Царыкавым, які аштрафаваў кожнага на 105 рублёў.

Згодна з пастановай суду, усе трое былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці за ўдзел у публічным выказваньні грамадзка-палітычных поглядаў праз групавое пікетаваньне.

Згодна са скаргамі актывістаў, у судзе не былі дадзеныя доказы таго, што іх удзел у пікетаваньні якім-небудзь чынам замахнуўся на інтарэсы дзяржаўнай ці грамадзкай бясьпекі, грамадзкі лад, ахову здароўя і маральнасьці насельніцтва або на правы і свабоды іншых асоб. А значыць, прыцягненьне да адміністрацыйнай адказнасьці парушыла правы грамадзян, гарантаваныя артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох.

Скаргі ў Віцебскі абласны і Вярхоўны суды плёну не далі. Такім чынам, вычарпаўшы ўсе эфэктыўныя сродкі прававой абароны ўнутры краіны, усе трое зьвярнуліся ў Камітэт ААН па правох чалавека. Алена Шабуня, Тацяна Севярынец і Георгі Станкевіч просяць КПЧ прызнаць Рэспубліку Беларусь парушальніцай Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох, абавязаць улады краіны ліквідаваць дапушчаныя парушэньні і прапанаваць дзяржаве пакрыць матэрыяльную і маральную шкоду праз грашовую кампэнсацыю.

Паводле vkurier.by