Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 03 Снежань 2018

На 5 сьнежня прызначаны сход аб будаўніцтве Палацу шлюбаў: 5 пытаньняў да аўтараў праекту

Ацаніць гэты матэрыял
(22 галасоў)
Недзе тут зьбіраюцца пабудаваць Палац шлюбаў. Фота: Зьміцер Міраш Недзе тут зьбіраюцца пабудаваць Палац шлюбаў. Фота: Зьміцер Міраш

У сераду 5 жніўня ў Віцебску адбудзецца сход па абмеркаваньні справаздачы аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе меркаванага будаўніцтва Палацу ўрачыстых абрадаў. Сход праводзіцца па заяўцы гараджан у межах грамадзкага абмеркаваньня справаздачы. Што ня так з плянаваным аб’ектам і чаму варта ўзяць удзел у сходзе?..

Нагадаем, паводле справаздачы, Палац шлюбаў плянуецца пабудаваць у цэнтры гораду ў межах зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасьці – “Гістарычны цэнтар г. Віцебску” (Ніжні замак). Заказчыкам будаўніцтва выступае Упраўленьне капітальнага будаўніцтва г. Віцебску. Рашэньне аб дазволе на ўзьвядзеньне аб’екту выдае Віцебскі гарвыканкам  

Палац мяркуюць пабудаваць у 2019 годзе. Гэта, паводле дакумэнтацыі, будзе двухпавярховы будынак, з паддашкам і тэхнічнымі сутарэньнямі, вонкавы выгляд якога “выкананы з улікам аднаўленьня будынку Дзяржаўнага банку, які раней разьмяшчаўся на дадзеным месцы ў пэрыяд XVIII-XIX ст.”.

Па сутнасьці, гэта ўсё, што мы ведаем. Таму ўзьнікае шэраг пытаньняў:

Як канкрэтна будзе выглядаць Палац?

Калі ён, паводле праектантаў, мусіць адрадзіць зьнешні выгляд былога дзяржбанку, дык чаму ў справаздачы фігуруе рысунак (сытуацыйны плян) зусім іншага аб’екту, які ў СМІ ўжо ахрысьцілі “павукападобным монстрам”?

Натуральна, што будынак дзяржбанку ня меў нічога агульнага з прэзэнтаваным аб’ектам. Больш за тое, як сьцьвярджаюць гісторыкі, у XVIII-XIX ст. яго наогул не існавала ў Віцебску. Будынак дзяржбанку зьявіўся ў горадзе толькі ў 1902 годзе.

Сытуацыйны плян, пададзены ў справаздачы

Дзе дакладна будзе разьмяшчацца будынак?

У справаздачы гаворыцца, што Палац шлюбаў паўстане “на тэрыторыі, свабоднай ад забудовы”.

Між тым, як мяркуюць, напрыклад, “Народныя навіны Віцебску”, падмурак былога дзяржбанку можа знаходзіцца на месцы, дзе стаіць зараз драўляная царква Аляксандра Неўскага. Вынікае, каб пабудаваць Палац урачыстых абрадаў, давядзецца руйнаваць царкву? А калі не (як запэўніваюць у гарвыканкаме) – дык будаваць будуць на пустым месцы. Што супрацьзаконна, бо гэтая тэрыторыя (плошча Тысячагодзьдзя) ёсьць гісторыка-культурнаю каштоўнасьцю нацыянальнага значэньня (катэгорыя № 2).

Плошча Тысячагадзьдзя. Справа - храм Аляксандра Неўскага

У той жа час краязнаўца і аўтар гістарычных фотапраекцый Віктар Барысенкаў паказвае на крыху іншае месца, дзе стаяў колішні будынак дзяржбанку – недзе непадалёку ад цяперашняга казіно “Вегас” (а можа, і на яго месцы). Але ў кожным разе ня там, дзе ў справаздачы пазначаюць лакацыю будучага Палацу шлюбаў.

Фотапраекцыя Віктара Барысенкава. Будынак дзяржбанку - справа.

Чаму не было грамадзкага абмеркаваньня праекту?

Нагадаем, ад 9 лістапада праходзіць грамадзкае абмеркаваньне справаздачы аб ацэнцы ўзьдзеяньня меркаванага будаўніцтва на навакольнае асяродзьдзе (працягнецца да 8 сьнежня). Гэта добра.

Але грамадзкае абмеркаваньне самога праекту не праводзілася наогул. На што, дарэчы, віцебскія актывісты ўжо скардзіліся ў пракуратуру, але атрымалі цалкам няўцямныя адказы.

Улады спасылаліся на Генэральны (2015) і Дэталёвы (2016) пляны гарадзкой забудовы, у якіх было ўжо прадугледжанае будаўніцтва Палацу. Гэта так, але з таго часу праект зьведаў прынцыповыя зьмены. Цяпер гаворка ідзе пра цалкам іншы праект – “з улікам аднаўленьня будынку Дзяржаўнага банку” (што азначае гэтае “з улікам” – таксама вялікае пытаньне).

Будынак Дзяржбанку ў Віцебску. Фотаздымак паштоўкі з архіву Віктара Барысенкава

У гэтым выпадку грамадзкасьць мае права патрабаваць новага грамадзкага абмеркаваньня.    

Чаму прапануецца толькі адна альтэрнатыва?

У справаздачы аб АУНА, як таго і патрабуе падобны фармат, разглядаецца альтэрнатыва разьмяшчэньня запраектаванага аб’екту. Але яна вельмі дзіўная і ўсяго адна. Аўтары справаздачы прапануюць у якасьці альтэрнатывы пабудаваць палац шлюбаў… на тым жа месцы, але з трошкі іншай арыентацыяй. Усё.

Пра пабудову аб’екту ў іншым месцы (не ў ахоўнай зоне) альбо пра разьмяшчэньне ўстановы ў іншых будынках – ані слова. На гэта, у прыватнасьці, зьвярталі ўвагу ў сваім звароце ў Віцебскі гарвыканкам сябры ініцыятывы “Віцебск - горад наш”.

Ці Палац шлюбаў мае вырашыць дэмаграфічнае пытаньне?.. 

Тут проста працытуем.

“Чаканы сацыяльны эфэкт ад увядзеньня ў эксплёатацыю Палацу ўрачыстых абрадаў заключаецца ў папулярызацыі новых грамадзянскіх абрадаў урачыстай рэгістрацыі шлюбаў, нараджэньня дзіцяці, юбілейных вясельляў, у тым ліку беларускіх народных традыцый, што будзе спрыяць умацаваньню сямі, росту нацыянальнай самасьвядомасьці, поўнай і своечасовай рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану ў адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь”.

Калі кіравацца падобнай лёгікай, дык найперш варта было б замест Палацу шлюбаў запраектаваць у Віцебску шкляны гмах Палацу працы. Можа, яно і з працай у горадзе палягчэла б…

Пытаньняў застаецца шмат.

Сход пройдзе 5 сьнежня ў актавай залі (трэці паверх) Віцебскай акадэміі сувязі (вул. Ільінскага, 45). Пачатак а 15-й гадзіне, рэгістрацыя – ад 14.30. 

Зьміцер Міраш