Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 31 Май 2021

Адновяць сінагогу, у якую хадзіў Марк Шагал: знайшліся спонсары

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
 Так Вялікая Любавіцкая сінагога выглядае зараз.Фота: racyja.com Так Вялікая Любавіцкая сінагога выглядае зараз.Фота: racyja.com

Будынак Вялікай Любавіцкай сінагогі, у якую, найверагодней, хадзіла сям’я Марка Шагала, доўгія гады прастаяў у паўразбураным стане. Улады хацелі яго прадаць за адну базавую велічыню. Але цікаўнасць да гэтага аб’екта выказала хасідская грамада з Расеі, якая мае спансіраваць аднаўленне сінагогі. Пра гэта Беларускаму Радыё Рацыя паведаміла дырэктарка музею Марка Шагала ў Віцебску Ірына Воранава.

У Віцебску даўно няма хасідскай грамады, рэшткі помніка даўніны не мелі гаспадара: дайшло да таго, што абласныя ўлады прапанавалі ахвотным набыць гэты аб’ект за адну базавую велічыню. Яго выставілі на продаж, хоць музей Марка Шагала рабіў спробы вярнуць будынак у культурніцкую прастору гораду – тут праводзіліся прыборкі тэрыторыі, ладзіліся канцэрты і прэзентаваліся арт-аб’екты.

Па словах Ірыны Воранавай, інфармацыя пра тое, што будынак сінагогі прадаецца, паспрыяла з’яўленню спонсараў.

«Усе сталі казаць: «А што? А як яго будуць прадаваць?» Рэзананс пайшоў больш шырока. І цікаўнасць да гэтага аб’екта выказала хасідская грамада з Расеі. Ужо ёсць спонсары, ёсць перадпраектная дакументацыя. І на гэты аб’ект, як на спадчыну, заявіла свае правы наша віцебская габрэйская грамада», – паведаміла дырэктарка музею Марка Шагала.

Спонсары прапануюць сродкі на аднаўленне будынку як культавага аб’екта. Зараз адбываюцца бюракратычныя працэдуры па перадачы занядбанага будынку Вялікай Любавіцкай сінагогі віцебскай габрэйскай грамадзе. А музей Марка Шагала зноўку запрашае валанцёраў на прыборку тэрыторыі.

«Мы хочам сабраць гістарычную цэглу, якая засталася тут, і захаваць яе. Так часам робіцца: гістарычная цэгла ўжываецца на рэканструкцыях. І таксама плануем канчаткова вычысціць гэтую тэрыторыю, каб яе можна было аглядаць, пакуль не пачнуцца працы на будынку», – расказала пра найбліжэйшыя задачы ў падрыхтоўцы будынку да рэстаўрацыі грамадская актывістка Яўгенія Юнашава.

Прыборка вакол Вялікай Любавіцкай сінагогі распачалася ў суботу 28 траўня і працягнецца да панядзелка. Да яе далучыліся і прадстаўнікі габрэйскай грамады, і віцебскія грамадскія актывісты.