Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 26 Май 2020

Палітвязень Жамчужны: Я на шэсьць месяцаў зьмешчаны ў «крытку»…

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

«Ад 29 красавіка я на шэсьць месяцаў зьмешчаны ў «крытку», таму магу свабодна і стабільна перапісвацца», – паведаміў у чарговым лісьце праваабаронцу Леаніду Сьвеціку палітвязень Міхаіл Жамчужны, які знаходзіцца зараз у горацкай калёніі. «Крыткай» там называюць памяшканьне камэрнага тыпу (ПКТ).

Міхаіл Жамчужны зьбірае зьвесткі ад усіх рэспандэнтаў: ці дайшлі да іх ягоныя лісты?

«За апошнія два месяцы зь пяці лістоў, якія Міхаіл Ігаравіч выслаў на мой адрас, да мяне дайшлі толькі два. У гэтым – прамое парушэньне правоў зьняволенага, бо разбураюцца ягоныя чалавечыя сувязі, а гэта можа мець адмоўныя наступствы для сацыялізацыі пры заканчэньні тэрміну адбыцьця пакараньня», – лічыць праваабаронца Леанід Сьвецік.

Гэта разумее і Жамчужны, які рыхтуе ў Адміністрацыю прэзыдэнта адпаведную заяву.

«На пачатку траўня па радыё аб’явілі, што ў месцах пазбаўленьня волі таксама выявілі двух інфікаваных асуджаных. Як цяпер будзе з кантактамі 1-2-га ўзроўняў?» – ставіць пытаньне палітвязень. Хоць у самой калёніі карантын ня ўведзены, ён просіць выконваць меры засьцярогі пры чытаньні ягоных лістоў, каб ня стаць крыніцай COVID-19.

Міхаіл Жамчужны лічыць, што ўплыў каронавірусу на сацыяльна-эканамічнае жыцьцё краіны не скажацца адмоўна, бо ўлады будуць намагацца падтрымаць эканоміку ўсімі магчымымі сродкамі і спосабамі. Гэта зьвязана з распачатай электаральнай кампаніяй.

Палітвязень піша, што адчувае сябе добра і ня мае скаргаў на стан здароўя. «У мяне са здароўем усё ў парадку, што вельмі зьдзівіла начальніка санчасткі калёніі», – паведамляе ён праваабаронцам.

Сьцьвярджае, што ня мае праблем і з побытам, але ёсьць – з ксэракапіяваньнем дакумэнтаў: «Трэба да заканчэньня выбараў пасьпець апратэставаць прысуды, але кімсьці дакумэнтаабарот з адвакатамі тармозіцца».

Знаходзячыся ў ПКТ, палітвязень не перастае абараняць свае правы. «Цяпер разглядаецца на ўзроўні Генэральнай пракуратуры і Вярхоўнага Суду краіны парушэньні законнасьці, якія дапусьцілі тры судзьдзі суду Горацкага раёну. За гэта мне ад 24 да 29 красавіка вынесьлі 4 папярэджаньні за парушэньне рэжыму, якія я ўжо пасьпеў апратэставаць. У выніку па іх былі дзьве размовы, пазбаўленьне кароткатэрміновага спатканьня (з кім?) і на шэсьць месяцаў мяне зьмясьцілі ў ПКТ», – распавёў Жамчужны.

Палітвязень пакуль ня змог высьветліць, куды зьніклі тры артыкулы, якія ён накіраваў для публікацыі ў «Народнай волі». У іх Міхаіл Жамчужны выказваў падтрымку патэнцыйнаму кандыдату ад групы Станкевіча – Вользе Нікалайчык. Вельмі хоча дазнацца, хто ў тым вінаваты і на каго скардзіцца.

Добрым словам Жамчужны ўзгадвае праваабаронцу Насту Лойку і сям’ю Касянеровых, якія забясьпечылі яму падпіску на пэрыядычныя выданьні. Наагул, просіць перадаць словы падзякі ўсім актывістам, праваабаронцам і журналістам, якіх не абыходзіць ягоны лёс.

«Дзякую ўсім за пастаянную маральную і матэрыяльна-арганізацыйную дапамогу», – піша на волю палітвязень.

Лявон Яфрэменка

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.