Друкаваць гэтую старонку
Серада, 01 Чэрвень 2022

Па рашэнні расейскага суда віцебская актывістка будзе экстрадаваная на радзіму

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

1 чэрвеня гарадскі суд Санкт-Пецярбургу разгледзеў скаргу адваката Яны Пінчук на пастанову Генпракуратуры аб экстрадыцыі яе ў Беларусь. Суд палічыў рашэнне пракуратуры заканамерным і абгрунтаваным. Цяпер аўтар Тэлеграм-каналу «Віцебск 97%» Яна Пінчук будзе экстрадаваная ў Беларусь, дзе яе чакае следства і суд.

За адміністраванне незалежнага тэлеграм-канала на радзіме супраць яе выстаўлены абвінавачанні адразу па 5 артыкулах крымінальнага кодэксу. Сам канал быў прызнаны экстрэмісцкім. Цяпер па беларускім заканадаўстве ёй пагражае да 20 гадоў турмы.

Гарадскі суд Санкт-Пецярбургу ў сваім рашэнні ўказаў, што «без згоды РФ не будзе выдадзена трэцяй дзяржаве, Пінчук не будзе падвяргацца катаванням, жорсткім, бесчалавечным, прыніжаючым годнасць відам абыходжання або пакарання». Застаецца толькі здагадвацца якім чынам збіраецца суседняя дзяржава кантраляваць катаванні ў беларускіх калоніях і ізалятарах, факты аб якіх з'яўляюцца з жахлівай рэгулярнасцю. Сама Яна ўказвае, што «запэўненні запытальнага боку не азначаюць, што яе не будуць катаваць для атрымання прызнальных паказанняў». І паведаміла суду, што не давярае гарантыям.

Таксама расейскі суд запэўнівае, што «запыт аб выдачы не мае мэты пераследу Пінчук па палітычных матывах». Хаця вядомы расейскі праваабарончы цэнтр «Мемарыял» прызнаў віцебскую актывістку палітвязням, а яе пераслед з боку беларускіх уладаў палітычна матываваным і прасіў не выдаваць яе, а, наадварот, прадставіць палітычны прытулак.

Яна Пінчук была затрымана 1 лістапада ў Санкт-Пецярбургу па запыце беларускіх праваахоўных органаў. У горадзе на Ніве яна жыве з 2018 года. Працавала афіцыянткай.

Антось Воўк