Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 09 Жнівень 2022

Яну Пінчук этапавалі з Санкт-Пецярбургу ў Беларусь. Ёй пагражае да 20 гадоў зняволення

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Інфармацыю пра тое, што яе падабаронная пакінула Расею пацвердзіла адвакат дзяўчыны Марыя Бяляева. Але канкрэтнае месца знаходжання Яны Пінчук пакуль не вядомае. У Беларусі віцяблянку абвінавачваюць па пяці крыминальных артыкулах: паклёп (артыкул 188 КК), незаконныя дзеянні з персанальнымі данымі іншай асобы (частка 3 часткі 203-1 КК), распальванне сацыяльнай варожасці (частка 3 артыкула 130 КК), стварэнне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем (частка 1 і 2 артыкула 361-1 КК), заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі (частка 3 артыкула 361 КК).

Да 2018 г. дзяўчына жыла ў Беларусі, потым пераехала з Расею. Яе затрымалі ў Санкт-Пецярбургу ў лістападзе 2021 года на запыт беларускіх уладаў. Яне Пінчук пагражае пакаранне па справе аб адміністраванні 3-х тэлеграм-чатаў, прызнаных у Беларусі «экстрэмісцкімі».

Па сцвярджэннях следчых органаў Рэспублікі Беларусь, дзяўчына з’яўлялася адміністратарам тэлеграм-каналаў і « супольна і ўзгоднена па папярэдняй змове ў групе з іншымі неўстаноўленымі асобамі, дзейнічала «з мэтай узбуджэння іншай сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці». У тым ліку размяшчала «тэкставыя паведамленні, дзе ўтрымліваецца негатыўная ацэнка групы асоб, абʼяднаных па прыкмеце прыналежнасці да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, органаў дзяржаўнай улады і іншых груп асоб». Таксама Пінчук абвінавачваецца ў тым, што «з мэтай ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці» размяшчала тэкставыя паведамленні, якія адносяцца да экстрэмісцкіх матэрыялаў, і пры гэтым ажыццяўляла кіраўніцтва тэлеграм-каналам, прызнаным экстрэмісцкім фармаваннем».  Сама дзяўчына не адмаўляе таго, што была ўдзельніцай тэлеграм-чатаў, але сцвярджае, што зняла з сябе паўнамоцтвы адміністратара пасля таго, як яны  былі прызнаны экстрэмісцкімі. А ўсе яе допісы не мелі крымінальных мэтаў, а былі прысвечаны каардынаванню дапамогі зняволеным.

23 красавіка 2021 г. супраць дзяўчыны была распачатая абʼяднаная крымінальная справа, 5 траўня 2021 г. Яну Пінчук абвясцілі ў вышук. 1 лістапада 2021г. дзяўчыну затрымалі ў Пецярбургу. У красавіку 2022 г. расейская Генпракуратура адобрыла выдачу Пінчук Беларусі. У ліпені Другі апеляцыйны суд Пецярбурга пацвердзіў гэтае рашэнне.

Камітэт па правах чалавека ААН раней забараніў экстрадзіраваць дзяўчыну і патрабаваў даць ёй прытулак, але ў Расеі адмовіліся выконваць гэтае рашэнне, спасылаючыся на яго неабавязковасць. Пінчук лічыць, што ў Беларусі ёй пагражаюць не толькі пазбаўленне волі, але і катаванні за кратамі.

Феліцыян Красоўскі