Нагадаем, 30 красавіка ў Шуміліне вынесены прысуд айцу Анджэю Юхневічу, пробашчу мясцовага санктуарыя Маці Божай Фацімскай. Справу святара разбірала старшыня суда Шумілінскага раёна Іна Грабоўская. Юхневіча прызналі вінаватым у злачынствах супраць сэксуальнай недатыкальнасці непаўнагадовых.Падчас працэсу святар не прызнаваў свае віны і імкнуўся яе аспрэчыць. Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Анджэя Юхневіча палітычным зняволеным.
Судовы працэс над Анджэем Юхневічам працягваўся каля 4 месяцаў - са снежня мінулага года. Паколькі  суд праходзіў у закрытым рэжыме, пра сутнасць абвінавачанняў, высунутых супраць Анджэя Юхневіча, нічога не вядома.  Адзіная інфармацыя ад вернікаў - пра тое, што у справе святара гаворка ідзе пра падзеі больш як  10-гадовай даўніны. Людзі лічаць, што крымінальная справа збудаваная на сумніўных паказаннях.
Анджэя Юхневіча  затрымалі 8 траўня 2024  года разам з другім шумілінскім ксяндзом, Паўлам Лемехам.  Затрыманне ксяндзоў  адбылося ў Шуміліне пасля сустрэчы святароў і кансэкраваных асобаў у шумілінскім санктуарыі Маці Божай Фацімскай, абодвух спачатку асудзілі па “палітычным” адміністрацыйным артыкуле за “пікетаванне ў сацсетках”. Адбыўшы прысуджаны арышт, ксёндз Павел Лемех выйшаў на волю. Ксяндза Анджэя Юхневіча судзілі па палітычна матываваных адміністрацыйных артыкулах яшчэ двойчы.
Ларыса Горына