Севярынец перакананы ў тым, што турэмная медыцына скіравана на фізічнаае знішчэнне чалавека, калі не ўдаецца зламіць яго маральна:
"Турэмныя дактары толькі фіксуюць, "дзе тонка" у таго ці іншага вязня, якога начальства вырашыла ламаць - і пасля вязня пераводзяць у адпаведную камеру. А катоўні там на выбар. Лядоўні, каб ламаць косці. Адзіночкі - "труны", дзе замуроўваюць на месяцы. Скразняковыя "трубы" для тых, у каго слабыя лёгкія...
Калі не высыпаешся тыднямі ад холаду, пачынаеш бачыць галюцынацыі, разбіваешся аб плітку, бо раптам адключаешся ўдзень, і раз за разам атрымліваеш "ДП" (дабаўку) - пытанне толькі ў тым, што цябе вырубіць спярша: язва (бо арганізм жарэ сам сябе), запаленне лёгкіх, інсульт, інфаркт альбо вар'яцтва.
Гэты допіс Паўла Севярынца сабраў нямала каментароў, дзе чытачы пацвярджаюць бязлітаснасць турэмнай медыцыны. "Так, тры разы прытомнасьць траціў ад холаду, дык яны нават на гэта ўвагі не зьвярталі. Толькі дадавалі суткі", - напісаў яшчэ адзін былы палітвязень, журналіст Ігар Лосік. Таксама ў каментарах згадалі Марыю Калеснікаву, якую давялося падчас зняволення лячыць ад язвы страўніка, і мастака Алеся Пушкіна, уратаваць якога не ўдалося.
Марына Зайцава