Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 06 Сакавік 2026

Былую журналістку Ціну Палынскую і яе дачку Маргарыту Рабіновіч асудзілі да 2 гадоў калоніі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Апошнія допісы Ціны Палынскай у сацыяльных сетках датаваныя 19 траўня мінулага года. Падобна, што ў той самы дзень жанчын  затрымалі: пасля гэтага знаёмыя звярнулі ўвагу на тое, што з ёй і яе старэйшай дачкой знікла сувязь. Затрыманне адбылося ў Полацку, Ціну Палынскую і  Маргарыту Рабіновіч да сада трымалі  ў віцебскім СІЗА-2.

Як паведамляе Тэлеграм-канал @viasna96, першапачаткова  пракурор патрабаваў для жанчын па 2,5 года пазбаўлення волі. Апрача пакарання зняволеннем, на абедзвюх жанчын суд наклаў штрафы.

Раней паведамлялася, што іх справа можа быць звязана з рашэннем КДБ прызнаць «Беларускую аналітычную майстэрню» прафесара Андрэя Вардамацкага «экстрэмісцкім фармаваннем». Гэтая арганізацыя праводзіла сацыялагічныя апытанні сярод беларускіх грамадзян.  Жанчын  абвінавачвалі паводле ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім).

Вядома, што апошнія сацыялагічныя апытанні  «Беларуская аналітычная майстэрня» праводзіла  ў сакавіку-красавіку мінулага года.  Летась 16 мая КДБ прызнаў гэтую арганізацыю “экстрэмісцкім фармаваннем”, хаця  афіцыйна пра гэта было паведамлена толькі 21 траўня, а на наступны дзень па АНТ ужо паказалі прапагандысцкі сюжэт пра “шкодную” дзейнасць гэтай структуры – відавочна, падрыхтаваны загадзя.

Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Ціну Палынскую і Маргарыту Рабіновіч палітычнымі зняволенымі.

13 кастрычніка 2025 году стала вядома, што ў Полацку памёр муж Ціны — пісьменнік Алесь Палынскі.

Ціна Палынская – былая журналістка, але даўно не працавала ў гэтым накіруну. Яна выконвала прыватныя замовы па стварэнні біяграфічных нарысаў і сямейных кніг, працавала ў архівах.

5 чэрвеня 2022 года дома ў Палынскіх быў праведзены ператрус, 6 чэрвеня, падчас сустрэчы палачан з  кіраўніком Рускай праваслаўнай царквы ў Беларусі, журналістку затрымалі міліцыянты, якія заўважылі ў яе на сумцы  і на фотаапараце жоўтыя і блакітныя стужкі. 7 чэрвеня адбыўся суд, і Ціну Палынскую аштрафавалі за нібыта несанкцыянаванае пікетаванне на 100 базавых велічыняў (3 200 беларускіх рублёў).

Эмілія Протас