Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 18 Снежань 2015

Віцебскаму палітыку адмоўлена ў просьбе аб пераводзе яго ў калёнію, бліжэйшую да дому

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў (ДВП) Міністэрства ўнутраных спраў адмовіў віцебскаму прарасейскаму палітыку Сяргею Рыжову ў пераводзе яго з папраўчай калёніі №15 (г. Магілёў) у калёнію №3 (пас. Віцьба Віцебскага раёну), а таксама ў сустрэчы зь сябрамі грамадзкай ініцыятывы Віцебску «За сумленную ўладу».

У лістападзе бягучага году віцебскі грамадзянскі актывіст, лекар-нарколяг Ігар Пастноў зьвярнуўся ў ДВП з прапановай перавесьці зьняволенага С. Рыжова бліжэй да месца ягонага жыхарства. Гэта - справядлівая і гуманная прапанова, бо ў Віцебску пражывае старая маці Рыжова, якой цяжка фізычна і дорага дабірацца да Магілёўскай калёніі для сустрэч з сынам, а таксама для дастаўкі прадуктовых і рэчавых пасылак.

На зварот спадара Пастнова адказаў намесьнік начальніка ДВП - начальнік упраўленьня тылавога забесьпячэньня палкоўнік унутранай службы Павал Шакола.

Ён спаслаўся на палажэньне артыкулу 72 Крымінальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь (далей - УВК), згодна зь якім асуджаныя да пазбаўленьня волі павінны адбываць ўвесь тэрмін пакараньня, як правіла, у адной папраўчай калёніі. Перавод жа асуджанага з адной калёніі ў іншую дапускаецца толькі ў выпадку захворваньня асуджанага, пры рэарганізацыі або ліквідацыі папраўчай установы, а таксама пры выключных абставінах, якія перашкаджаюць далейшаму знаходжаньню асуджанага ў папраўчай установе, у якой ён знаходзіцца.

Палкоўнік ДВП Шакола паведаміў, што ўмовы адбыцьця пакараньня асуджаным Рыжовым ў ПК № 15 адпавядаюць патрабаваньням крымінальна-выканаўчага заканадаўства. Пагроз жыцьцю і здароўю зьняволенага не існуе. Фактаў прадузятага стаўленьня да яго з боку супрацоўнікаў ПК № 15, а таксама акалічнасьцяў, якія перашкаджаюць яго знаходжаньню ў названай установе, ня выяўлена. Гэтыя фармальныя прычыны ляглі ў аснову адмовы перавесьці Рыжова ў іншую калёнію.

Таксама спадар Пастноў прасіў кіраўніцтва ДВП даць магчымасьць сустрэцца зь вязьнем ПК №15 чальцам грамадзянскай ініцыятывы «За сумленную ўладу», да ліку якіх належыць і сам Пастноў. Міліцэйскі начальнік абгрунтаваў прычыну, зь якой гэтая просьба ня можа быць задаволеная, наступным чынам:

«У адпаведнасьці з артыкулам 83 УВК асуджаным да пазбаўленьня волі даюцца кароткатэрміновыя спатканьні са сваякамі і іншымі асобамі. З асобамі, якія не зьяўляюцца сваякамі асуджанага, кароткатэрміновыя спатканьні даюцца толькі паводле рашэньня адміністрацыі папраўчай установы. Таксама для атрыманьня юрыдычнай дапамогі асуджаным па іх заяве даюцца спатканьні з адвакатамі. На падставе выкладзенага ў наведваньні асуджанага Рыжова С.У. прадстаўнікамі «Сумленнай улады» адмоўлена».

Нагадаем, жыхар Віцебску Сяргей Рыжоў зьяўляецца заснавальнікам незарэгістраванай Беларускай кансэрватыўнай партыі «Белая Русь» і няўдалым прэтэндэнтам у кандыдаты на пасаду прэзыдэнта Беларусі на выбарах 2010 году. Ён быў асуджаны ў красавіку 2014 году на шэсьць з паловай гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі строгага рэжыму за хуліганскія дзеяньні і гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару.

Віцебская вясна