Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 06 Снежань 2016

Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў утойвае інфармацыю пра ўтрыманьне грамадзяніна Вялікай Брытаніі ў СІЗА

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Павал Левінаў Павал Левінаў

Высьветліць дэталі наконт знаходжаньня брытанскага грамадзяніна Алана Сьміта ў СІЗА № 2 Віцебску спрабаваў прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Павал Левінаў. Каб атрымаць неабходную інфармацыю, ён накіраваў шэраг запытаў ва ўпраўленьне Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў па Віцебскай вобласьці. Аднак начальнік упраўленьня не адказаў па сутнасьці на ніводнае пытаньне праваабаронцы.

Як мы паведамлялі, пра затрыманьне і зьмяшчэньне пад варту Алана Сьміта распавяла віцебскім праваабаронцам ягоная жонка. Паводле яе словаў, грамадзяніна Вялікай Брытаніі затрымалі 29 верасьня памежнікі ў Берасьці, пасьля чаго ён быў этапаваны ў Віцебск.

Павал Левінаў зьвярнуўся ў ДВП з пытаньнямі, ці сапраўды спадар Сьміт знаходзіцца ў падведамнай дэпартамэнту ўстанове, зь якога часу і на якой падставе. Таксама ён прасіў адказаць, чаму жонка затрыманага не атрымлівае ад яго лістоў. Спытаў праваабаронца і наконт таго, ці выконваюцца правы сядзельца СІЗА, гарантаваныя Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правох.

На запыты Паўла Левінава адказаў начальнік упраўленьня ДВП па Віцебскай вобласьці Аляксандар Сівоха. «Паведамляю, што Вашы звароты наконт пытаньня даваньня зьвестак пра месца знаходжаньня грамадзяніна Вялікай Брытаніі Алана Пола Сьміта і апавяшчэньня яго жонкі пра яго затрыманьне ўважліва разгледжаныя кіраўніцтвам упраўленьня ДВП МУС Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласьці», - напісаў праваабаронцу кіраўнік пэнітэнцыярных установаў вобласьці.

Вынік гэтага «ўважлівага разгляду»: «Вамі да зваротаў не былі далучаныя дакумэнты, якія сьведчаць пра Вашы паўнамоцтвы на прадстаўніцтва інтарэсаў грамадзяніна Вялікай Брытаніі Алана Пола Сьміта, і на падставе ч. 1 арт. 15 Закону Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» ад 18.07.2011 году № 300-З Вашы звароты пакінутыя без разгляду па сутнасьці».

Павал Левінаў абураны такі адказам: ён жа не прэтэндаваў на нейкія асаблівыя паўнамоцтвы ў якасьці прадстаўніка падсьледнага, а толькі прасіў даць яму інфармацыю, якая мае грамадзкі інтарэс і ёсьць важнай для праваабаронцаў, бо існуюць падазрэньні, што тут маюць месца парушэньні правоў чалавека.

Відаць, нешта ня так ва ўпраўленьні ДВП па Віцебскай вобласьці, калі начальнік гэтага ведамства наважыў утойваць ад грамадзкасьці інфармацыю. Зрэшты, схаваць праўду і захаваць усё ў цемры яму не ўдалося. Справа выклікала розгалас, і ўжо ня ён, а прадстаўнікі сьледчага камітэту, адказваючы на пытаньні СМІ, афіцыйна зарэгістраваных у Беларусі, пацьвердзілі, што Алан Сьміт сапраўды знаходзіцца ў віцебскім СІЗА, што ў дачыненьні да яго вядзецца сьледзтва.

Дык ці варта было палкоўніку ўнутранай службы Сівоху не адказваць на пытаньні Паўла Левінава? А мо ён ведае такую таямніцу пра ўтрыманьне брытанца ў СІЗА, што для яго лепш падацца дурнем у вачох грамадзкасьці са сваім недарэчным адказам праваабаронцу, чымся раскрыць праўду? 

Мы папрасілі Паўла Левінава сказаць некалькі словаў наконт адказу, атрыманага ім ад начальніка ўпраўленьня ДВП Сівохі. Вось ягоны камэнтар: «Пра стан здароўя аўтара адказу меркаваць не бяруся, ня мэдык. Дыягназ няхай паставіць чытач».

Кастусь Дзьвінскі