Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 06 Чэрвень 2021

Ідэолаг папярэдзіў праваабаронцу Левінава аб адказнасці за экстрэмізм

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)

Праваабаронца Павел Левінаў звярнуўся ў Віцебскі аблвыканкам з заявай аб правядзенні 14 чэрвеня ў Міжнародны дзень блогера масавага мерапрыемства ў інтэрнэце. На што намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Пётр Гнуценка папярэдзіў заяўніка аб прававой адказнасці за распаўсюд інфармацыі, якая змяшчае прыкметы экстрэмізму. Чыноўнік тлумачыць, што законам не прадугледжанае правядзенне масавага мерапрыемства ў форме інтэрнэт-пікетавання. Але што тут не так?..

Такі адказ, на думку праваабаронцы Паўла Левінава, не адпавядае патрабаванням дзейнага заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, а чыноўнік не ведае правапрымяняльнай практыкі. Пра гэта Левінаў і паведаміў абласному начальству ў сваім зваротным лісце.

«У адпаведнасці з артыкулам 6 Закону «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» заяву аб правядзенні масавага мерапрыемства абавязаныя разгледзець старшыня аблвыканкаму або яго намеснік, а не намеснік начальніка, хай сабе і галоўнага, упраўлення аблвыканкаму», - нагадвае праваабаронца норму закону чыноўнікам, якія яе парушылі. 

Павел Левінаў таксама паведамляе ў лісце, што арт. 2 закону не прадугледжвае правядзенне масавага мерапрыемства ў фармаце інтэрнэт-пікетавання, але супрацоўнікі ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму чамусьці заводзяць адміністрацыйныя справы на грамадзян за выказванне імі сваіх грамадска-палітычных поглядаў і інтарэсаў у Інтэрнэце.

То бок гэткая грамадзянская актыўнасць у інтэрнэце ўспрымаецца ўладамі як парушэнне закону аб правядзенне масавых акцый, якое падлягае пакаранню.

Праваабаронца лічыць, што найважнейшымі складнікамі асноў канстытуцыйнага ладу і ў той жа час фундаментальнымі канстытуцыйнымі каштоўнасцямі з'яўляюцца правы і свабоды чалавека. Гарантыі іх рэалізацыі і забеспячэння ўяўляюць сабой найважнейшую канстытуцыйную мэту, а таксама абавязак дзяржавы.

У сувязі з гэтым дзяржаўныя органы і службовыя асобы павінны рабіць усе неабходныя захады для стварэння належных умоваў для іх развіцця.

«Замест таго, каб прыняць усе неабходныя меры для стварэння належных умоваў правядзення заяўленага масавага мерапрыемства, Пётр Гнуценка вырашыў папярэдзіць мяне аб прававой адказнасці за распаўсюд інфармацыі, у тым ліку ў сетцы Інтэрнэт, якая змяшчае прыкметы экстрэмізму», - абураны прававой некампетэнтнасцю і непісьменнасцю чыноўніка-ідэолага Левінаў.

Міхась Пісараў