Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 24 Чэрвень 2021

Следчы камітэт адмовіўся шукаць вінаватых у разгалошанні дадзеных папярэдняга расследавання ў справе Баразны

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)

Начальнік галоўнага ўпраўлення працэсуальнага кантролю СК РБ Сяргей Цішук не ўбачыў парушэнняў у дзеяннях сваіх падначаленых у сувязі са з'яўленнем у інтэрнэце відэароліку, у якім віцяблянін Алег Баразна прызнаецца ў тым, што ён з'яўляецца каардынатарам руху «Краіна для жыцця» ў Віцебску, і ўказвае на махінацыі з грашовымі сродкамі палітыкаў Ціханаўскіх. Аб гэтым паведамляецца ў адказе са следчага камітэту, які атрымаў праваабаронца Павел Левінаў.

Перапіска праваабаронцы са следчымі органамі і пракуратурай пачалася пасля таго, як 15 красавіка 2021 году на тэлеграм-канале «Вашы слівы» быў размешчаны відэаролік, дзе Алег Баразна, які знаходзіцца ад пачатку лютага 2021 году ў СІЗА №2 Віцебску, чытае з відэасуфлёру тэкст, які мае дачыненне да дадзеных папярэдняга расследавання.

Гэтак жа, 16 красавіка 2021 году зліты відэаролік быў размешчаны на YouTube-канале "Жулікі Беларусі".

У публікацыі відэароліку маюцца прыкмета парушэння артыкулу 198 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, які не дапускае выдавання дадзеных папярэдняга расследавання без дазволу следчага. Акурат з гэтай прычыны праваабаронца Павел Левінаў звярнуўся ў следчыя органы з просьбай устанавіць асобу следчага, які перадаў дадзеныя папярэдняга расследавання телеграм-каналу «Вашы слівы», і даць прававую ацэнку ягоным дзеянням.

Намеснік начальніка упраўлення следчага камітэта РБ па Віцебскай вобласці Гушча паведаміў Левінаву, што ўстанавіць, кім выраблены і размешчаны ў глабальнай камп'ютэрнай сетцы Інтэрнэт відэазапіс не было магчымым. Пасля гэтага Левінаў быў вымушаны звярнуцца са скаргай у галоўнае ўпраўленне СК.

У сваім звароце праваабаронца характарызуе працу упраўлення следчага камітэту Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці па устанаўленні следчага, які парушыў арт. 198 КПК РБ у справе Алега Борозны, «бездапаможнасцю».

«Па сутнасці довадаў паведамляем, што згаданы ў Вашым звароце відэазапіс, размешчаны ў агульным доступе ў сетцы Інтэрнэт, не ўтрымлівае якіх-небудзь дадзеных папярэдняга следства, разгалошанне якіх супярэчыць яго інтарэсам, і не звязаны з парушэннем правоў і законных інтарэсаў удзельнікаў крымінальнага працэсу", - растлумачыў Левінаву пазіцыю СК начальнік ГУПК Сяргей Цішук.

А калі так, то следчыя органы не бачаць падставаў для правядзення праверкі, а таксама прыняцця рашэння ў парадку, устаноўленым Крымінальна-працэсуальным законам.

Праваабаронца ўпэўнены, што знайсці, кім, калі і дзе выраблены відэазапіс, было лёгка. На яго думку, трэба было ўсяго толькі апытаць Алега Баразну, а потым па ланцужку устанавіць таго, хто відэазапіс размясціў у публічным доступе. Няма таксама ніякіх праблем, каб знайсці  і службовую асобу - гаспадара кабінету, у якім гэты відэазапіс рабіўся, і апытаць яго. Але з якіх прычын следчы камітэт не стаў гэтага рабіць, праваабаронцу невядома.

Міхась Пісараў