Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 21 Лістапад 2022

Павел Левінаў: уражаны ад сустрэчы з людзьмі, асуджанымі да смяротнага прысуду

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

Восьмы Сусветны кангрэс супраць смяротнага пакарання завершыўся ў Берліне. Ён праходзіў з 15 па 18 лістапада, і аб’яднаў каля 1000 удзельнікаў з самых розных краін. Аднім з трох беларусаў, якія ўдзельнічалі ў мерапрыемстве быў віцебскі праваабаронца Павел Левінаў.

Удзельнік кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” і праваабаронца Беларускага Хельсінкскага Камітэта Левінаў у захапленні ад таго, як сусветная кампанія прасоўвае права на жыццё. А яшчэ праваабаронца пазняёміўся ў межах кангрэса з людзьмі, якія раней былі асуджаны да смяротнага пакарання:

“Людзі, якія больш за 20 гадоў прабылі ў турмах, чакаючы смяротнага прысуду — і ўрэшце былі апраўданыя ў сувязі з тым, што з'явіліся новыя метады даследавання доказаў, таму з іх былі знятыя абвінавачванні. Гэта самае магутнае ўражанне: бо па-першае, гэта мужныя людзі. А па-другое, у Беларусі смяротныя прысуды прыводзяцца ў выкананне на працягу года або паўтара гадоў — і ніхто там не разбіраецца.

А ў тых людзей была надзея і вера. Справядлівасць перамагла — і яны апынуліся на волі”.На пытанне, як выглядаюць людзі, асуджаныя да смяротнага пакарання, Павел Левінаў адказаў:

“У натоўпе іх не адрозніш ад нас. Але гэтыя людзі не забітыя горам, яны  жыццярадасныя. Калі яны даведаліся, што я з Беларусі, то пыталіся пра нашу краіну, пра тое, што робіць наш урад для таго, каб увесці мараторый або адмяніць смяротнае пакаранне. Гэта значыць, гэтых людзей цікавіў не толькі свой цяжкі лёс — яны, пацярпеўшы, узялі цяжар барацьбы за права на жыццё людзей іншых краін. Я за гэта перад імі проста схіляюся”.

У рамках акцыі праваабаронца сустрэўся з былымі асуджанымі да смяротнага пакарання. Гэта Дэбрай Мілке, якая правяла ў зняволенні 22 гады, і Ндумэ Олатушані, які правёў у камеры смяротнікаў 19 гадоў.

Па сканчэнні Восьмага Сусветнага кангрэса супраць смяротнага пакарання ў Берліне прайшоў марш абаліцыяністаў. Удзельнікі скандавалі «Abolition now!», патрабуючы адмяніць смяротнае пакаранне неадкладна.