Друкаваць гэтую старонку
Серада, 19 Чэрвень 2019

Ізноў пра пацукоў: што зьмянілася на Маскоўскім, 41 пасьля нашай публікацыі

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)

Анічога не зьмянілася. Прынамсі – да лепшага. Жыхары сьцьвярджаюць, што пацукоў стала яшчэ больш. А ў сьпёку дадаліся і блохі. Падвал заліты вадой, а лямпачкі як перагаралі праз дзень пасьля замены, так і перагараюць. Цемра, смурод і – абыякавасьць камунальнікаў. Як тут жыць?..

Жыхар шматкватэрнага дома на Маскоўскім праспэкце, 41, Міхаіл Жураўлёў ня першы год спрабуе прымусіць мясцовых камунальнікаў выконваць належным чынам свае абавязкі. Былі і звароты ў рэдакцыі СМІ, і паходы ў мясцовы ЖЭС, і званкі ў аблвыканкам. Але дамагчыся парадку пакуль не ўдаецца.

Як жывуць людзі ў шэрай дзевяціпавярховай панэльцы, мы расказвалі ў артыкуле “Пацукі ўжо па трэцім паверсе гойсаюць”. З моманту публікацыі прайшло тры месяцы, але, як сьцьвярджае Міхаіл Жураўлёў, з таго часу ня толькі нічога не зьмянілася, але стала яшчэ горш. Пацукі як бегалі, так і бегаюць, лямпачкі перагараюць, а вады, што ліецца зь іржавых трубаў у падвале, стала яшчэ больш.

“Нічога нікому ня трэба. Прыйдзеш у домаўпраўленьне – то фарбы няма, то цэмэнту няма, то майстра, то яшчэ чагось…” – скардзіцца жыхар.

Нават дробязяў – замазаць цэмэнтам дзірку пад дзьвярыма, каб пацукі не выбягалі на вуліцу з падвалу, – і таго пакуль што не ўдаецца дамагчыся.

Пэнсіянэр Міхаіл Жураўлёў

У пацьвярджэньне Міхаіл праводзіць невялікую экскурсію па пад'езьдзе.

“Мы ўжо прывыклі да таго, што робім і аплочваем усё самі. І лямпачкі купляем самі, і ўкручваем самі. Дзіўна, што свае абавязкі работнікі нахабна ігнаруюць. І куды ж тады ідуць грошы, якія мы плацім за іх працу? Ніхто ж нічога ня хоча рабіць. Нікому няма справы! Адны паборы, а справы ніякай!” – абураецца жыхарка з гэтага ж пад’езду Ірына Іванаўна.

Лямпачкі ў пад'езьдзе перагараюць празь дзень пасьля замены

На думку Міхаіла Жураўлёва, мяняць лямпачкі наогул ня мае сэнсу, бо патрэбная поўная замена ўсёй праводкі. За час, які прайшоў ад пабудовы дома, яна стала папросту непрыдатная. Плюс – вільгаць, якая ідзе з затопленых вадой сутарэньняў.

“А ў падвале ў нас увогуле абы-што – трубы цякуць, пацукі бегаюць. Выклікаеш майстроў, чакаеш іх два тыдні, тэлефануеш ім і, а яны: “Так, прыйдзем, чакайце..” І з канцамі. А зараз горача – і па ўсім доме блохі лётаюць”, – распавядае Вера Мікалаеўна, яшчэ адна жыхарка праблемнага пад’езду.

Спускаемся ў падвал. На ўваходзе, недалёка ад дзьвярэй, стаіць ёмістасьць, поўная атруты для пацукоў. “Але ж яны ўжо разумныя – не ядуць яе ўжо…” – кажа Міхаіл.

Залітыя вадой падвалы - не прайсьці

Хоча паказаць, у якім стане ягоны сарай, дзе раней трымаў бульбу. Але дабрацца да сараю немагчыма – шлях загачвае водная стыхія. Вада з паржавелых трубаў затапіла калідор, і без гумовых ботаў прайсьці ўсярэдзіну ня ўдасца. Паводле пэнсіянэра, зусім яшчэ нядаўна такога не было. Вада і раней лілася з трубаў, але так капітальна ўвесь калідор не затапляла.

Вось такія там трубы...

Пэнсіянэр Міхаіл Жураўлёў адступаць не зьбіраецца. Плянуе патрапіць на прыём да старшыні гарвыканкаму і запатрабаваць правядзеньня паўнавартаснага рамонту дому і ўсіх камунікацыяў. Адсочваем сытуацыю.

Уладзімер Бяляўскі, фота аўтара