Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 05 Лістапад 2019

Станіслаў Шушкевіч у Віцебску: Лукашэнка добра ня скончыць…

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Станіслаў Шушкевіч Станіслаў Шушкевіч

У Віцебску 3 лістапада адбылася сустрэча зь першым кіраўніком незалежнай Беларусі Станіславам Шушкевічам. Дыскусія пад назвай «Незалежнасьць – прарыў у будучыню» была арганізаваная грамадзкай арганізацыяй «Альтэрнатыва».

«Сёньня відавочна, што з боку Расеі ёсьць вельмі вялікі інтарэс да нашай краіны. Відавочна, што палітыкі ў Крамлі толькі і думаюць, як зрабіць Беларусь часткай Расейскай Фэдэрацыі. І нам, сьвядомай частцы грамадзтва, сёньня вельмі важна зрабіць усё магчымае, каб абараніць наш сувэрэнітэт», – скажа на самым пачатку сустрэчы лідэр «Альтэрнатывы» Алег Корбан.

Такім чынам адразу была вызначаная асноўная тэма дыскусіі – незалежнасьць краіны, гісторыя яе станаўленьня і далейшыя пэрспэктывы.

Ці магчымая анэксія Беларусі?

Адказваючы на пытаньне «Ці магчымая анэксія Беларусі?», Шушкевіч ня выключыў такога варыянту разьвіцьця падзей: «Магчымая анэксія, раз улада нічога ня робіць».

Падчас сустрэчы прагучала некалькі дзясяткаў пытаньняў на самыя розныя тэмы – ад стаўленьня да расійскіх апазыцыянэраў Навальнага і Нямцова да будаўніцтва атамнай станцыі ў Астраўцы.

Падчас сустрэчы ў Віцебску

Былы кіраўнік Вярхоўнага Савету прызнаўся, што ён прыхільнік будаўніцтва атамнай станцыі. Матываваў сваю пазыцыю ростам спажываньня электраэнэргіі і ўкараненьнем усё большай колькасьці электрамабіляў. Але пры гэтым выказаў асьцярогу ўзроўнем бясьпекі расейскага праекту і абурыўся тым, што беларускі бок не запрасіў Літву на абмеркаваньне будаўніцтва.

«Таму відавочна, што праект носіць ня толькі эканамічны, а і палітычны характар і скіраваны супраць Эўразьвязу», – сказаў Шушкевіч.

«Лукашэнка нічога ня можа, акрамя як трымацца за ўладу»

Цікавіла віцяблян і ўкраінская тэма: ці зможа наша паўднёвая суседка выстаяць супраць Расеі і вярнуць сабе Крым і Данбас?..

Шмат пытаньняў тычылася Лукашэнкі і яго далейшага лёсу.

На думку Шушкевіча, Лукашэнка не зрабіў нічога людзкага і «нічога ня можа акрамя як трымацца за ўладу». Ці будзе наступны прэзыдэнцкі тэрмін для Лукашэнкі апошнім, Шушкевіч ня ведае, але запэўніў, што «добра ён ня скончыць».

Станіслаў Шушкевіч, якому 15 сьнежня споўніцца ўжо 85 гадоў, паабяцаў узяць удзел у галасаваньні на будучых прэзыдэнцкіх выбарах. Пра ідэю агульнанацыянальнага байкоту выказаўся з пэсымізмам.

Па заканчэньні сустрэчы можна было набыць кнігу Станіслава Шушкевіча «Маё жыцьцё, крушэньне і ўваскрашэньне СССР. Праз 25 гадоў», атрымаць аўтограф аўтара.

Сустрэча прайшла ў віцебскім арт-пабе «Торвальд».

Уладзімер Бяляўскі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.