Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 27 Студзень 2020

5 чалавек памерлі ад перадазіроўкі наркотыкаў у Віцебску ў 2019 годзе – пракуратура

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Толькі на тэрыторыі Віцебску ў 2019 годзе было зафіксавана 5 выпадкаў сьмерці ад перадазаваньня наркатычнымі сродкамі, паведамілі ў пракуратуры Віцебскай вобласьці. Адзначаецца, што пазалетась, у 2018 годзе, сьмерцяў з прычыны ўжываньня наркотыкаў наогул не рэгістраваліся.

«Праца ў вобласьці супрацьдзеяньня распаўсюду наркаманіі праводзілася бессыстэмна, без забесьпячэньня ўзаемадзеяньня паміж зацікаўленымі суб'ектамі прафіляктыкі», – гаворыцца ў паведамленьні абласной пракуратуры.

Пытаньням прафіляктыкі наркаманіі недастатковую ўвагу ўдзялялі выканкамы ўсіх узроўняў. Між тым, паводле афіцыйнай статыстыкі, толькі ў абласным цэнтры летась было зарэгістравана 5 сьмерцяў ад перадазаваньня наркотыкаў. Пры тым што ў 2018-м такія выпадкі не фіксаваліся ўвогуле.

Пракуратура зноў зьвяртае ўвагу на тое, што ў Віцебску дагэтуль не адкрылі кабінэт замяшчальнай мэтадонавай тэрапіі. Пры гэтым у праграме замяшчальнай тэрапіі мэтадонам летась бралі ўдзел 10 віцяблян, якія пакутуюць на наркаманію. Для атрыманьня мэдпрэпарату ім даводзілася штодзень езьдзіць у горад Полацак.

Праблемнай застаецца і сытуацыя з кадрамі. Напрыклад, у Аршанскім раёне паводле штатнага раскладу прадугледжана 5,5 дактароў-нарколягаў, але фактычна працуюць толькі два (36,4%). Не ўкамплектаваны штат псыхіятрам-нарколягам у Дубровенскай раённай лякарні, а ў Глыбоцкай – пасада ўрача-нарколяга заставалася вакантнай ад верасьня 2015 году да ліпеня 2017-га, а ў цяперашні час доктар знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.