Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 09 Люты 2020

Ігар Барысаў заклікаў у Віцебску браць удзел у праймэрыз для выбараў «адзінага»

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Ігар Барысаў Ігар Барысаў

У суботу 8 лютага ў Віцебску адбылася прэзэнтацыя другога нумару часопіса «Пазыцыя», які выдае Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада». Часопіс прэзэнтаваў ягоны рэдактар і кіраўнік партыі Ігар Барысаў. Падчас сустрэчы ён заклікаў прысутных браць актыўны ўдзел у праймэрыз для выбараў адзінага кандыдата ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах.

Падчас сустрэчы ў Віцебску Ігар Барысаў расказаў пра гісторыю стварэньня часопіса, пра ягоных аўтараў і рэдакцыйную палітыку. Паводле ацэнкі Барысава, вакол рэдакцыі згуртаваўся аўтарскі касьцяк, які складаюць менскія і рэгіянальныя навукоўцы, палітыкі ды экспэрты. Тэматыка матэрыялаў шырокая: ад праблем парлямэнтарызму да аналізу справаў у сельскай гаспадарцы краіны. Часопіс будзе цікавы як адмыслоўцам, так і простым чытачам, сьцьвярджаў рэдактар.

Але адзначым, што зьмест артыкулаў, прысьвечаных гісторыі, праблемам стасункаў Беларусі і Ўкраіны, дэмаркацыі мяжы паміж нашай краінай і Расейскай Фэдэрацыяй, падаецца неадназначным. А погляды аўтараў на праблему сьмяротнага пакараньня, хатняга гвалту, пэрспэктываў пэнсійнага забесьпячэньня і рэформаў спэцслужбаў Беларусі могуць выклікаць неадназначную рэакцыю ў шырокай аўдыторыі.

Загаловак і аўтарства аднаго з артыкулаў часопісу «Пазыцыя»  

Ацэнка працы абласной арганізацыі: нездавальняючая

Прысутных цікавіла ня толькі выдавецкая дзейнасьць БСДП, але і стан рэчаў у самой партыі: цяперашняя дзейнасьць і задачы, якія сацыял-дэмакраты ставяць на бліжэйшую будучыню.

Сябры партыі справядліва адзначылі нездавальняючую працу Віцебскай абласной арганізацыі ў справе далучэньня ў партыйныя шэрагі новых сябраў, слабую прапаганду сацыял-дэмакратычнай ідэалёгіі сярод моладзі.

З гэтай нагоды выказаўся і лідэр партыі. Ён выразна паставіў задачу на арганізацыйнае ўмацаваньне Віцебскай абласной і гарадзкой арганізацый, на нарошчваньне колькасьці сябраў і разумнага плянаваньня дзейнасьці нізавых партыйных структур.

«Праявіце арганізацыйнае адзінства»

Таму што БСДП зьяўляецца апазыцыйнай партыяй, было прызнана немэтазгодна ўдзельнічаць у «круглых» сталах ды іншых публічных мерапрыемствах, якія праводзяцца ў Віцебскай вобласьці з ініцыятывы мясцовых выканаўчых і прадстаўнічых органаў улады.

Як кіраўнік партыі, Барысаў заклікаў сваіх паплечнікаў узяць актыўны ўдзел у нацыянальных кампаніях па вызначэньні адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад 5-ці апазыцыйных партый, у зборы подпісаў за вылучэньне адзінага кандыдата і ў назіраньні за працэсам галасаваньня на будучых выбарах кіраўніка беларускай дзяржавы.

На завяршэньне сустрэчы Ігар Барысаў прасіў віцебскіх сацыял-дэмакратаў ўмацоўваць шэрагі партыі, праявіць арганізацыйнае адзінства і актыўна ўдзельнічаць у палітычным жыцьці рэгіёна.

Лявон Яфрэменка

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.