Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 22 Кастрычнік 2020

Віцяблян пачалі выклікаць у СК – як сведкаў у крымінальнай справе аб «масавых беспарадках»

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

22 кастрычніка адразу некалькі віцяблян былі запрошаныя для размовы ва Ўпраўленне следчага камітэту па Віцебскай вобласці ў якасці сведкаў у крымінальнай справе, заведзенай па факце нападзення на супрацоўніка МУС падчас сутычкі пратэстоўцаў з міліцыяй 6 верасня на вуліцы Праўды ў Віцебску.

«Выклікалі ў якасці сведкі ў справе па «масавых закалотах« 6 верасня ў Віцебску. Удакладнялі час і лакацыю. Спыталі, ці фінансаваў я гэтыя беспарадкі і ці плацілі што-небудзь мне. Пацікавіліся, ці здымаў я тыя падзеі на тэлефон і дзе той тэлефон... Пытанняў было няшмат, але ўжо тое, што ёсць нейкая крымінальная справа – гэта непрыемна», – расказаў пасля візіту ў СК віцебскі незалежны журналіст Віталь Скрыль.

Ён удакладніў, што ў следчым камітэце ніякіх папер, акрамя пратаколу апытання, не падпісваў. Падчас размовы са следчым прысутнічаў адвакат. Па словах Скрыля, следчы не называў ніякіх імёнаў. У дачыненні да каго распачатая крымінальная справа, пакуль невядома.

Віцебскі прадпрымальнік і ўладальнік сядзібы Адамава Максім Жукаў, які таксама 22 кастрычніка пабываў у СК, расказаў на сваёй старонцы ў Facebook, што следчы «задаваў палітычныя пытанні і пытанні пра тэлеграм-каналы». Цікавіўся арганізатарамі шэсцяў і напрыканцы запытаўся, ці гатовы сведка даць свой тэлефон для агляду. Атрымаў адмову.

«Ці прыйдуць да мяне маскі-шоў з ператрусам у тры гадзіны ночы, у следчага пытацца не стаў, бо для яго стала сюрпрызам, што ўжо даўным-даўно існуюць лядоўні з выхадам у інтэрнэт», – напісаў у фэйсбуку Максім Жукаў.

У той жа справе следчымі быў апытаны таксама віцяблянін Барыс Лемаў.

Зміцер Міраш