Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 16 Сакавік 2021

«У выпадку чаго – не крыўдзіцеся». Як студэнтаў ПДУ «просяць» азнаёміцца з арт. 24.23 КаАП – аўдыё

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Фота: psu.by Фота: psu.by

Перад Днём волі студэнтаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту просяць падпісаць паперы аб тым, што яны азнаёміліся са зменамі ў адміністрацыйным артыкуле 24.23 («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў», колішні арт. 23.24). Але просяць так, што больш падобна да прымусу. Пра гэта сведчыць аўдыёзапіс, які «Віцебскай Вясне» даслалі нашыя чытачы з Полацку.

«Мы знойдзем час, каб вам гэта прачытаць і, адпаведна, зафіксаваць, што вы азнаёміліся. Можаце подпісы не ставіць. Але ў выпадку якіх, не дай бог, нюансаў, будзе зафіксавана, што вы подпіс не паставілі, а гэта ўжо будзе не зусім добра выглядаць, асабліва калі выпадкам нам трэба будзе даваць на вас характарыстыку. Таму падумайце, калі ласка, над гэтым пытаннем», – кажа адзін з прадстаўнікоў адміністрацыі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту падчас адмысловай сустрэчы са студэнцкай групай.

Паводле інфармацыі аўтараў аўдыё, у сустрэчы бралі ўдзел дэкан інжынерна-будаўнічага факультэту ПДУ Аляксандр Бакатовіч і асістэнт кафедры будаўнічых канструкцый Артур Гіль.

«Ёсць два варыянты. Альбо вы прачыталі самі – і распісаліся, альбо Артур Іванавіч вам зачытвае, і папера складаецца, што вы азнаёмленыя, але ўжо без вашага аўтографа. Але ў выпадку чаго – потым не крыўдзіцеся. Ну, рашэнне якое?..» – пытаецца на сустрэчы дэкан.

Студэнты адмовіліся ад абодвух варыянтаў.

«Проста мы не разумеем, у чым пытанне нежадання паставіць подпіс, што вы азнаёмленыя. За 10 гадзін пропускаў усе ж азнаёміліся і распісаліся. У чым адрозненні тут?.. Гэта не загад, гэта проста, каб мы ведалі, што вы ў курсе», – тлумачаць выкладчыкі.

На пытанне студэнтаў, навошта яны павінны гэта рабіць, гучыць адказ: «Таму што нам зверху, атрымліваецца, гэта далі».

На заўвагу аднаго са студэнтаў, што гэта палітыка, выкладчыкі зазначаюць, што «справа не ў палітыцы, а ў дысцыпліне паводзінаў».

«Пры чым тут палітыка? Што, масавыя мерапрыемствы звязаныя з палітычнымі матывамі нейкімі ці што? Вы самі пачынаеце накручваць сітуацыю. Проста пачытайце, дзе можна, дзе нельга і як гэта ўсё робіцца…» – кажа адзін з іх.

«А дзе можна?» – гучыць рытарычнае пытанне з аўдыторыі. «Дзе не забаронена, там можна», – адказваюць супрацоўнікі ПДУ.

Студэнты не паставілі подпісы пад паперай. Але тэкст артыкулу выкладчыкі пакінулі ў аўдыторыі.

Нагадаем, летась і студэнты, і выкладчыкі ПДУ выступалі супраць беззаконня і гвалту ў дачыненні мірных грамадзян у краіне. 8 сакавіка студэнты ПДУ ўзялі ўдзел у флэш-мобе салідарнасці «На што ты здольны дзеля мары?» – і пастрыгліся нагала.

Зміцер Міраш