Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 30 Сакавік 2020

Віцебскі гарвыканкам зацьвердзіў плян супраць каранавірусу: 21 пункт

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)

Віцебскі гарвыканкам 27 сакавіка зацьвердзіў план дадатковых мерапрыемстваў па прафіляктыцы і зьніжэньні распаўсюджваньня каранавірусу і іншых рэсьпіраторных інфэкцый, паведаміла Радыё Свабода. Сярод захадаў - абмежаваньне паездак у камандзіроўкі, скасаваньне заняткаў у ВНУ, забарона на масавыя мерапрыемствы ды іншае. Але карантын - не абвешчаны.

 Якія захады павінны рабіцца: 

  • работнікаў з прыкметамі вострых рэсьпіраторных інфэкцый ня будуць дапускаць да працы;
  • абмяжуюць выезды супрацоўнікаў у камандзіроўкі; нарады, сэмінары, пасяджэньні патрабуюць праводзіць пераважна празь відэа- і аўдыёканфэрэнцыі;
  • бацькам дазволяць не вадзіць дзяцей у дзіцячы садок, за гэтыя дні грошы за садок не налічаць;
  • школьнікаў рэкамэндуюць увесь дзень трымаць у адным клясе, у гуртках — ня зьмешваць вучняў з розных клясаў (у тым ліку ў пэрыяд канікул);
  • скасаваць у ВНУ, каледжах і ліцэях групавыя заняткі і перавесьці навучэнцаў на дыстанцыйнае навучаньне;
  • іншагароднім студэнтам забараніць выяжджаць дахаты на выходныя;
  • у спарткомплексах навучальных установаў не пускаць староньніх наведнікаў, каб яны не маглі займацца разам з навучэнцамі;
  • забараніць наведваньні інтэрнатаў пабочнымі асобамі, а таксама забараніць праводзіць у іх масавыя мерапрыемствы;
  • забясьпечыць у кавярнях, рэстарацыях, месцах грамадзкага харчаваньня адлегласьць паміж сталамі для наведнікаў ня менш як 1,5 мэтра адзін ад аднаго;
  • забараніць масавыя мерапрыемствы ў бібліятэках, музэях, выставачных комплексах і інш.;
  • адмяніць правядзеньне выставаў, кірмашоў, прэзэнтацый у закрытых памяшканьнях;
  • забараніць наведваньне дамоў для састарэлых і інвалідаў, узмацніць кантроль за здароўем іх жыхароў;
  • забясьпечыць маскамі і антысэптыкамі сацыяльных работнікаў, работнікаў пошты, банкаў і інш., якія аказваюць паслугі пажылым людзям дома;
  • перанесьці плянавыя абсьледаваньні спэцыялізаванымі арганізацыямі стану жылога фонду, інжынэрных унутрыкватэрных сетак, прыбораў;
  • працягваць праводзіць дэзынфэкцыю грамадзкага транспарту, а таксама аўтавакзалу;
  • адмяніць у гандлёва-забаўляльных цэнтрах, гандлёвых цэнтрах, крамах імпрэзы для дзяцей, групавыя прэзэнтацыі, дэгустацыі, рэклямныя акцыі і інш. Забясьпечыць работнікаў, якія маюць непасрэдны кантакт з наведнікамі, маскамі і антысэптыкамі для апрацоўкі рук;
  • у цэрквах і касьцёлах, храмах і кляштарах забясьпечыць рэгулярнае мыцьцё і антысэптыкі для рук, прыбіраньне памяшканьняў з дэзынфэкцыйнымі сродкамі, праветрываць памяшканьні, апрацоўваць мэблю, дзьвярныя ручкі, абразы і інш.;
  • засяленьне людзей у гатэлі, кемпінгі і інш. праводзіць як мага далей адзін ад аднаго (на розных паверхах, у розных баках калідора), апытваць наведнікаў пра стан іх здароўя;
  • наведнікаў у цырульнях, тату-салёнах, салёнах прыгажосьці, пэрманэнтнага макіяжу і інш. прымаць толькі па папярэднім запісе, з інтэрвалам паміж кліентамі ня менш за 5 хвілін;
  • адмяніць працу дыскатэк, начных клюбаў, кальянных, боўлінгаў, більярдных, кампутарных клюбаў, забаўляльных установаў пасьля 23.00;
  • на прамысловых аб’ектах усіх формаў уласнасьці прыбіраць памяшканьні з масавым знаходжаньнем людзей, выкарыстоўваючы дэзсродкі, забясьпечыць эфэктыўную працу вэнтыляцыі і кандыцыянаваньня, абмежаваць колькасьць работнікаў у зьмену, разьмежаваць іх патокі пры дзьвюхзьменнай працы, зь перапынкам паміж зьменамі ня менш за 20 хвілін; не пускаць староньніх наведнікаў; рамонтнікаў і тых, хто абслугоўвае абсталяваньне, пускаць толькі ў масках.

Яшчэ 13 сакавіка віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік патрабаваў ад гарадзкіх уладаў увесьці ў Віцебску катантын, аж да абмежаваньня выхаду са свайго жыльля. Колькі дзён таму намесьнік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Віктар Глушын адказаў праваабаронцу, што "прыняцьце дадатковых мер на дадзены момант не патрабуецца".