Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 22 Кастрычнік 2013

Будзьце ўважлівыя і асьцярожныя: віцебскія адвакаты

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Актывістка Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (БПР РЭП) Алена Шандзюкова зьвярнулася ва Ўпраўленьне сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці з заявай, у якой яна просіць прыцягнуць групу віцебскіх адвакатаў і судзьдзю Кастрычніцкага суду Віцебску да крымінальнай адказнасьці.

Яшчэ ўвесну бягучага году, выконваючы вызначэньне судзьдзі Чыгуначнага суду Віцебску Сьвятланы Варатынскай, Алена Шендюкова зьвярнулася ў юрыдычную кансультацыю № 2 Віцебску па юрыдычную дапамогу. Ёй быў патрэбны адвакат для абароны яе правоў у судзе па грамадзянскай справе.

У юркансультацыі № 2 Шандзюкова наняла адваката Натальля Станкевіч, заплаціўшы ў касу ўстановы 500 тысяч рублёў за вядзеньне справы ў судзе. Аднак адвакат Станкевіч, не тлумачачы прычын, ні разу не зьявілася на судовыя паседжаньні, але праз тэлефон абяцала туды зьявіцца пры наяўнасьці ў яе магчымасьцяў - гэта значыць, пастаянна падманвала свайго кліента.

Каб прымусіць адваката выконваць свае службовыя абавязкі, Алена зьвярнулася па дапамогу да яе непасрэднаму начальніка — загадчыцы юркансультацыі № 2 Тацьцяны Ткачонак. Аднак гэты зварот ня меў выніку — адвакатка ў суд не зьявілася.

Зварот па дапамогу да старшыні Віцебскай абласной калегіі адвакатаў Аліны Пужэвіч меў такі самы адмоўны вынік — адвакат адмовілася выконваць дамоўныя забавязаньні.

Скарга, накіраваная начальніку Галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму А.І. Лескаўца на бязьдзейнасьць прадстаўнікоў адвакацкай супольнасьці, была разгледжаная з нулявым вынікам для прафсаюзнай актывісткі.

Пасьля доўгіх пакут, жанчына была вымушаная наняць іншага адваката, які давёў справу Алены да канца.

Палічыўшы, што адвакат Станкевіч ня выканала пэўных пунктаў заключанай зь ёй дамовы, Шандзюкова паспрабавала вярнуць свае грошы — суму перадаплаты з касы юркансультацыі № 2, але грошы ёй не вярнулі.

Тады Алена зьвярнулася ў Кастрычніцкі суд з пазоўнымі патрабаваньнямі. Яна папрасіла суд спагнаць зь юркансультацыі № 2 перадаплату за вядзеньне грамадзянскай справы ў судзе, а таксама спагнаць зь яе і зь Віцебскай абласной калегіі адвакатаў грошы ў суме адзін мільён рублёў з кожнай установы — грашовую кампэнсацыю за прычыненую маральную шкоду.

Гэтым разам ніводзін адвакат гораду ня ўзяў на сябе сьмеласьці ўдзельнічаць у справе супраць адвакатаў, спаслаўшыся на прафэсійную этыку і салідарнасьць.

Судзьдзя Вікторыя Лешчанка, якая разглядала справу, двойчы адмовіла Шандзюковой у задавальненьні яе хадайніцтва пра допуск да ўдзелу ў справе прававога інспэктара БПР РЭП Валера Місьнікава. Валер меў усе падставы быць абаронцам Шандзюковой ў судзе, бо меў даверанасьць, выдадзеную прафсаюзам. На яго думку, пазбавіўшы актывістку права на абарону, судзьдзя Лешчанка зьдзейсьніла супрацьзаконнае дзеяньне.

Алена Шандзюкова ўпэўненая, што судзьдзя вяла судовы працэс прадузята, адкрыта прыняўшы бок адвакатаў. У яе склалася ўражаньне, што судзьдзя Лешчанка не чыніла правасудзьдзе, а зладзіла падабенства спаборніцтва паміж трыма шматвопытнымі юрыстамі-адвакатамі і ёю — непісьменнай ў прававых пытаньнях жанчынай.

Каб спыніць гэтае бязладзьдзе, Алена падала матываваны і законам абгрунтаваны адвод судзьдзі Лешчанка, які быў беспадстаўна адхілены. Вынікам гэтага судовага зьдзеку стала адмова Шандзюковой ў пазове да адвакатаў. Больш таго, судзьдзя Лешчанка пастанавіла спагнаць з пазоўніцы дзяржаўную пошліну ў памеры 805 тысяч рублёў.

«Усе паводзіны адвакатаў, а пасьля судзьдзі казалі мне пра тое, што гэтыя асобы — разам; яны выкарыстоўваюць службовае становішча, ўзбагачаюць сябе праз адкрытае парушэньне канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, законаў, правоў і законных інтарэсаў тых, хто да іх зьвярнуўся, наіўна верачы ў іх прыстойнасьць і добрасумленнае выкананьне службовых абавязкаў за адну зарплату», — сказала Алена Шандзюкова.

«Цяпер я ўжо перакананая, што махляркі-цыганкі больш высакародныя ў сваіх дзеяньнях (махлярства бо ж гэта іх праца), чым махляркі — адвакаты і судзьдзя, бо ў іх характэрная рыса адукаванасьць, веданьне законаў, а праца — праваабарона і правасудзьдзе, але не махлярства. Аднак выйшла інакш», — з крыўдай наракае прафсаюзная актывістка.

Адзіным выйсьцем з сытуацыі, што склалася, Алена Шандзюкова бачыць прыцягненьне службовых асоб — судзьдзі Лешчанка, адвакаткі юркансультацыі № 2 Станкевіч і загадчыцы гэтай жа кансультацыі Ткачонок, а гэтаксама старшыні Віцебскай абласной калегіі адвакатаў Пужэвіч — да крымінальнай адказнасьці.