Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 11 Чэрвень 2013

Віцебскі аблсуд: Дзьве скаргі палітыкаў - дзьве адмовы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Актывіст КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў спрабаваў аспрэчыць рашэньне Кастрычніцкага райсуду, дзе яму прысудзілі штраф за несанкцыянаваны пікет у дзень угодкаў Чарнобыльскай трагедыі. Старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ Леанід Аўтухоў падаваў касацыйную скаргу на рашэньне таго ж суду: за распаўсюд партыйнага бюлетэню «Магістрат» яму прысудзілі штраф як парушальніку заканадаўства пра СМІ. Абедзьве касацыйныя скаргі адмовілася задаволіць судзьдзя Ірына Смалякова.

Апавёў спадар Аўтухоў: «Што так будзе, мне стала зразумела ад пачатку. Судзьдзя пачала разбор, нават не патлумачыўшы мне мае правы. Сказала: „Вы тут па тры разы на месяц судзіцеся, усе вашыя правы мусіце ведаць!“ Гэта ж як можна такое сказаць і як можна сабе дазволіць ігнараваць заканадаўства ў абласным судзе? Я прасіў, каб выклікалі перакладчыка — гэта ж таксама маё права. Але судзьдзя заявіла, што я вывучаў расейскую мову ў школе і таму перакладчык мне не патрэбны. Пасьля гэтага я папросту выйшаў з залі».

Рашэньне спадарыня Смалякова агучыла ў адсутнасьць актывіста: пакінуць рашэньне райсуду ад 17 траўня бязь зьменаў. Дык што аштрафаваны Леанід Аўтухоў павінен выплаціць 3 мільёны рублёў за перавышэньне дазволенага накладу бюлетэню «Магістрат», хоць ён і настойваў, што пералічваньне ў ягонай прысутнасьці не праводзілася, а працэс у Кастрычніцкім райсудзе праходзіў з парушэньнямі.

Паводле сябра КХП БНФ Яна Дзяржаўцава, разбор ягонай скаргі таксама заняў у абласным судзе ўсяго некалькі хвілінаў. І з тым самым вынікам: рашэньне Кастрычніцкага райсуду пакінуць у сіле, за несанкцыянаваны пікет сплаціць штраф памерам 2 мільёны рублёў.

Кажа актывіст: «Я тлумачыў, што гэта быў не пікет, а выказваньне маёй пазыцыі адносна будаўніцтва АЭС у Беларусі. Я — супраць, пра што і было напісана на плякаце. Але судзьдзя Смалякова хутка зачытала пастанову, што незаконны пікет быў і што я аштрафаваны на законных падставах. Выйшаўшы з залі, мы з Аўтуховым хацелі трапіць на працэс Андрэя Гайдукова, якога судзілі недзе на вышэйшых паверхах. Але нас не прапусьцілі вышэй за першы, дзе разьбіраліся нашы скаргі. Сказалі: суд закрыты. І я ніколі яшчэ ня бачыў у будынку абласнога суду так шмат міліцыянтаў у форме ды ў цывільным».

Крыніца: Радыё Свабода