Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 12 Май 2020

Журналіст Зьміцер Лупач пасьля арышту і суду трапіў у рэанімацыю

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Зьмітру Лупачу аказваюць дапамогу лекары. Фота: racyja.com Зьмітру Лупачу аказваюць дапамогу лекары. Фота: racyja.com

Журналіста з Глыбокага Зьмітра Лупача, якога пасьля суду забрала хуткая дапамога, паклалі ў рэанімацыю. 11 траўня судзьдзя Глыбоцкага суду Дзьмітрый Тарасевіч прысудзіў яму 10 сутак арышту і 45 базавых велічынь штрафу – за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве (ч.1 арт. 23.34 КаАП) і за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ (ч.2 арт. 22.9), паведамляе «Белсат».

Зьмітра Лупача, які супрацоўнічае з «Белсатам», затрымалі 8 траўня. Да суду, які адбыўся над ім 11 траўня, журналіста трымалі ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Судзілі Зьмітра паводле двух артыкулаў: парушэньне заканадаўства аб СМІ, за што прысудзілі яму штраф у памеры 45 базавых велічынь (1215 рублёў), акрамя таго, журналісту прысудзілі 10 дзён адміністрацыйнага арышту за ўдзел у масавай акцыі.

Пасьля суду Зьмітру Лупачу стала кепска і яго забрала хуткая дапамога.

«Лекары сказалі, што Зьмітру неабходнае назіраньне. Таму яго паклалі ў рэанімацыю. Спадзяемся, што яму стане лепей. У лекараў няма старых кардыяграмаў, яны мусяць разабрацца. Але перасьцерагаюцца, каб у яго ня ўзьнік перадынфарктны стан. Ціск яму зьбілі, стала лепей. Ён яшчэ некалькі дзён скардзіўся на тое, што высокі ціск, прымаў лекі», – распавяла «Белсату» Жана Лупач, жонка Зьмітра Лупача.

Прысутныя на судзе былі абураныя выракам, піша Беларускае Радыё Рацыя.

Як кажа праваабаронца Павал Левінаў, асабліва абурыла тое, што Зьмітру ня далі пастанову, а ў міліцыянтаў, якія чакалі журналіста на машыне каля будынку суду, яна ўжо была.

Павал Левінаў і Зьміцер Лупач у залі суду. Фота: racyja.com

«Пастанову на рукі ня выдалі, хаця супрацоўнікам міліцыі завераную пастанову за подпісам судзьдзі і пячаткай суду выдалі. Там жа Зьміцер зьвярнуўся з заявай пра тое, каб у сувязі з рэзкім пагаршэньнем здароўя адтэрмінавалі пакараньне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту. Дадзеную заяву прынялі, але разгледзіць яе тэрмінова адмовіліся. Мне гэта нагадвае гісторыю, якая здарылася з нашай краінай 75 гадоў таму», – сказаў Павал Левінаў.

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.