Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 29 Чэрвень 2020

Суды за «ланцуг салідарнасьці»: больш за 50 сутак арышту ды штрафы

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Аляксандра Андрэева каля суду сустрэлі жонка і дзеці Аляксандра Андрэева каля суду сустрэлі жонка і дзеці

У Віцебску, Воршы, Браславе прайшлі ў панядзелак суды над удзельнікамі «ланцугу салідарнасьці», якія адбыліся ў гэтых гарадах у апошні дзень збору подпісаў 19 чэрвеня. Агулам актывістаў асудзілі на 52 дні адміністрацыйнага арышту і штрафы.

Трох аршанцаў прысудзілі да «сутак»

Суд Аршанскага раёну і гораду Воршы 29 чэрвеня разглядаў адміністрацыйныя справы трох прыхільнікаў Сяргея Ціханоўскага, затрыманых у мінулую пятніцу. Адміністратара тэлеграм-канала «Ворша для жыцьця» Аляксандра Андрэева, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Паўла Парфененку і валянтэра Генадзя Ларыёнава вінавацілі ва ўдзеле ў «ланцугу салідарнасьці» (ч.3 арт. 23.34), які быў зладжаны 19 чэрвеня на плошчы Леніна ў Воршы. Трое сутак да суду аршанцы правялі ў ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ). Актывістаў судзілі адначасова ў розных кабінэтах і ўсіх прысудзілі да чарговых «сутак».

Аляксандр Андрэеў пакараны арыштам на 15 сутак (судзьдзя Кузьмічонак), Генадзь Ларыёнаў – таксама на 15 (судзьдзя Драгуноў) і Павел Парфененка (судзьдзя Разумовіч) – на 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

Генадзь Ларыёнаў у залі суду

Але адразу пасьля суду актывістаў вызвалілі, адклаўшы такім чынам выкананьне пакараньня на няпэўнае будучае.

Нагадаем, у траўні ўсе трое ўжо прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасьці паводле арт. 23.34 КаАП за ўдзел у стрыме Ціханоўскага. Тады яны таксама былі прысуджаныя да адміністрацыйных арыштаў, адбывалі пакараньні ў аршанскім ІЧУ.

На 7 сутак асуджаны Руслан Ахрымчук

Суд Чыгуначнага раёну Віцебску асудзіў сёньня на 7 сутак адміністрацыйнага арышту сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Руслана Ахрымчука. Актывіст быў гвалтоўна затрыманы напярэдадні, 28 чэрвеня, людзьмі ў цывільным адзеньні. На яго быў складзены пратаколы за ўдзел у «ланцугу салідарнасьці» 19 чэрвеня (арт. 23.34 КаАП), а таксама за непадпарадкаваньне міліцыі (арт. 23.4 КаАП). Да суду Руслан Ахрымчук знаходзіўся ў віцебскім ІЧУ.

Руслан Ахрымчук падчас збору подпісаў за Ціханоўскую

Судзьдзя Алена Грабянчук прызнала актывіста вінаватым па абодвух пратаколах і прысудзіла да 5 сутак арышту за парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і да 2-х сутак – за непадпарадкаваньне супрацоўнікам МУС.

Чарговы штраф Аляксандру Мацеюку

Таксама за непадпарадкаваньне «законнаму патрабаваньню службовай асобы» (арт. 23.4 КаАП) у судзе Чыгуначнага раёну Віцебску судзілі ў панядзелак і актывіста Аляксандра Мацеюка. Падчас затрыманьня 20 чэрвеня Мацяюк быў зьбіты міліцыянтамі, пра што распавёў ужо ў сваёй заяве ў сьледчы камітэт.

Аляксандар Мацяюк. фота: racyja.com

На судзе актывіст спрабаваў давесьці, што пратакол за непадпарадкаваньне зьявіўся толькі пасьля таго, як міліцыянты яго зьбілі, а сам ён зьняў пабоі ў лякарні. Па словах Мацеюка, такім чынам міліцыя спрабавала апраўдаць свае гвалтоўныя дзеяньні. Але судзьдзю Алу Бардзюкову гэта не пераканала: яна прызнала актывіста вінаватым і аштрафавала яго на 4 базавыя велічыні (108 рублёў).

Далецкі асуджаны на 5 сутак у Браславе

Стала вядома таксама, што суд Браслаўскага раёна прысудзіў адміністратара тэлеграм-каналу «Браслаўшчына для жыцьця» Канстанціна Далецкага да 5 сутак адміністрацыйнага арышту. Трое сутак да суду ён правёў у браслаўскім ізалятары часовага ўтрыманьня.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.