Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 14 Люты 2021

Віцяблянка Яўгенія Пачэпка правяла двое сутак у ІЧУ – за сцяг на акне і майкі на балконе

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Яўгенія Пачэпка, жнівень 2020. Фота Аляксандра Веледзімовіча Яўгенія Пачэпка, жнівень 2020. Фота Аляксандра Веледзімовіча

Суд Кастрычніцкага раёну 12 лютага прызнаў віцяблянку Яўгенію Пачэпку вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні і вынес ёй папярэджанне. Увесь склад правапарушэння – бел-чырвона-белы сцяг у вакне і такіх жа колераў майкі на балконе. Двое сутак да суду Яўгенія Пачэпка правяла за кратамі ІЧУ.

Як расказала Яўгенія Пачэпка, рапарт пра БЧБ-сцяг у вакне кватэры, дзе яна жыве, міліцыянты склалі яшчэ летась 27 снежня. Але затрымалі дзяўчыну толькі праз паўтары месяцы – 10 лютага.

«Участковы прыехаў да мяне дамоў, папярэдне патэлефанаваўшы. Хавацца я не стала, бо бегаць ад іх не збіраюся. Думала, што абыдзецца складаннем пратаколу ў РАУС, без сутак. Але ў ноч з серады на чацвер мяне адвезлі ў ізалятар часовага ўтрымання», – патлумачыла Яўгенія Пачэпка.

Суд праз скайп адбыўся 12 лютага. Віцяблянка не аспрэчвала, што вывешвала сцяг, але сваёй віны ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні (ч.1 арт. 23.34 КаАП) не прызнала.

Суддзя Ілля Белавус вынес рашэнне папярэдзіць Яўгенію Пачэпку. Яна на волі.

Зміцер Міраш