Друкаваць гэтую старонку
Серада, 31 Сакавік 2021

Віцебскі абласны суд разгледзеў скаргі Ірыны Траццяковай і Таццяны Туравец

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Ірына Траццякова Ірына Траццякова

31 сакавіка Віцебскі абласны суд разгледзеў скаргі праваабаронцы БХК Ірыны Траццяковай і жыхаркі Віцебскага раёну Таццяны Туравец на пастановы судоў ніжэйшай інстанцыі. Рашэнне суду паводле палітычна матываваных справаў сталіся прадказальнымі: суддзі Андрэй Прэйс і Святлана Іванова скаргі не задаволілі, а рашэнні раённых судоў пакінулі без зменаў.

Праваабаронца Ірына Траццякова брала ўдзел у судовым паседжанні праз відэасувязь, бо на той час знаходзілася па-за межамі Беларусі. Яна абскардзіла пастанову суду Чыгуначнага раёну Віцебску ад 10 сакавіка. У той дзень суддзя Варатынская паводле ч.1 арт. 23.34 КаАП аштрафавала праваабаронцу на 20 базавых велічынь (580 рублёў). Суд палічыў даказаным удзел Траццяковай у масавым мерапрыемстве (пікетаванні) без дазволу мясцовай адміністрацыі. Паводле судовай пастановы, праваабаронца стаяла ў ланцугу салідарнасці і выказвала падтрымку грамадзянам, затрыманым па палітычных матывах.

У сваёй скарзе Траццякова выказала нязгоду з пастановай суду. Свой удзел у пікетаванні аспрэчыла. Патлумачыла, што, як сябра Беларускага Хельсінкскага камітэту, ажыццяўляла маніторынг выбарчай кампаніі. Прасіла адмяніць пастанову і справу спыніць у сувязі з адсутнасцю ў яе дзеяннях складу адміністрацыйнага правапарушэння.

У скарзе, пададзенай адвакаткай Ірыны Траццяковай, таксама выказвалася нязгода з судовым рашэннем. Звярталася ўвага на недакладнасцях у пратаколе. У скарзе сцвярджалася, што Траццякова, як зафіксавана на відэа, рухалася ўздоўж ланцугу грамадзян і ажыццяўляла функцыі назіральніка. Саступіць з вузкіх ходнікаў на прыступкі будынку вымушаная была толькі адзін раз, каб прапусціць групу міліцыянтаў, якія рухаліся, папярэджваючы грамадзянаў аб незаконнасці мерапрыемства. Менавіта гэты эпізод і быў зафіксаваны на скрыншоце, хаця адрас будынку, ля якога яна спынілася са знаёмым журналістам, указаны памылкова.

«Я не ўяўляю, хіба суду не зразумела, хіба асобным суддзям незразумелымі падаюцца падзеі 19 чэрвеня? Я доўгатэрміновы назіральнік БХК на электаральных кампаніях рознага ўзроўню ў краіне. І я ўпершыню сутыкнулася з такім непаразуменнем толькі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 году. З улікам тых дакументаў, якія ёсць у матэрыялах справы, я спадзяюся на поўны і аб’ектыўны разгляд і веру, што суд прыме правільнае рашэнне. Я нават гатовая пагадзіцца на новы разгляд справы», – сказала Ірына Траццякова падчас паседжання ў абласным судзе.

Дадала, што прыцягненне яе да адміністрацыйнай адказнасці расцэньвае як супрацьдзеянне законнай дзейнасці БХК.

Адвакатка Ірыны Траццяковай назвала справу «доўгагральнай» і спынілася на яе асноўных аспектах. Зазначыла, што, як запэўнівала Траццякова, яна не ўдзельнічала ў несанкцыянаваным пікетаванні, не стаяла ў ланцугу салідарнасці, а назірала за санкцыянаваным уладамі зборам подпісаў. Ніводзін відэаматэрыял не пацвярджае аб’ектыўны бок адміністрацыйнага правапарушэння, ніводзін сведка не гаворыць пра месца знаходжання Траццяковай, а месца здзяйснення правапарушэння аб’ектыўна не ўстаноўленае.

Выслухаўшы аргументацыю Ірыны Траццяковай і яе адвакаткі, суддзя Андрэй Прэйс агучыў выніковую частку пастановы: «пастанову суддзі суду Чыгуначнага раёну Віцебску ад 10 сакавіка 2021 году пакінуць без зменаў, а скаргу без задавальнення».

Суддзя Віцебскага абласнога суду Святлана Іванова таксама не задаволіла скаргу грамадзянкі Таццяны Туравец на рашэнне суду Віцебскага раёну. Паводле арт. 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы) і арт. 23.5 КаАП (абраза службовай асобы пры выкананні службовых паўнамоцтваў) суддзя суду Віцебскага раёну Міхаіл Зубеня аштрафаваў Туравец на 870 рублёў.

С.Горкі