Друкаваць гэтую старонку
Субота, 08 Май 2021

45 сутак арышту на траіх дзяўчат – за фота пад віцебскім мостам

Ацаніць гэты матэрыял
(8 галасоў)
Кіраўскі мост у Віцебску. Фота: holiday.by Кіраўскі мост у Віцебску. Фота: holiday.by

У судзе Чыгуначнага раёну Віцебску 7 траўня судзілі траіх дзяўчат – Лізавету Кірыенка, Марыю Агіевіч і Марыю Амасовіч. Усе трое знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання, таму суд праходзіў праз «Скайп». Дзяўчат прызналі вінаватымі ў несанкцыянаваным пікетаванні, якое яны нібыта здзейснілі 27-га сакавіка пад мостам імя Кірава ў Віцебску, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

«Кірыенка ўзяла ўдзел у насанкцыянаваным масавым мерапрыемстве з палатнінай белага і чырвонага колеру. Разам з Агіевіч і Амасовіч, якія трымалі ў руках плакаты, знаходзячыся пад Кіраўскім мостам у горадзе Віцебску, яны пазіравалі, робячы фота для ўсеагульнага агляду ў навінавай стужцы тэлеграм-каналу «Витебск для жизни», – агучыла абвінавачанне, зафіксаванае ў міліцэйскім пратаколе, суддзя Вольга Шапавал.

Фотаздымак, пра які вялося на судзе, быў знойдзены ў тэлефоне Марыі Амасовіч. Міліцыянты правялі агляд тэлефона, пакуль дзяўчына знаходзілася за кратамі: 28 красавіка Марыю Амасовіч і Лізавету Кірыенка пакаралі арыштамі за дзве свечкі, запаленыя на ўгодкі Чарнобыльскай катастрофы.

Цяпер суддзя Вольга Шапавал асудзіла дзяўчат да новых арыштаў: Марыю Амасовіч – на 20 сутак, Лізавету Кірыенку – на 15 сутак. Такім чынам, арышт Марыі Амасовіч падвоіўся: 20 сутак ёй прысудзілі 28-га красавіка і яшчэ 20 – цяпер. Лізавета Кірыенка, раней асуджаная на 10 сутак, мае адбыць у зняволенні агулам 25 сутак. Марыя Агіевіч, якая ўпершыню трапіла пад суд паводле адміністрацыйнага артыкулу 24.23, пакараная арыштам на 10 сутак.

Таксама на судзе было згадана, што падчас ператрусу ў Лізаветы Кірыенка нібыта знайшлі доказы таго, што яна мае дачыненне да «пратэставага» надпісу на адным з дамоў у Віцебску. За гэта дзяўчыне можа пагражаць крымінальная справа за псаванне гарадской маёмасці.