Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 08 Чэрвень 2021

Докшыцкая пракурорка апратэставала спыненне справы Змітра Лупача за «Леніна ў цэлафане»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Зміцер Лупач, фота: baj.by Зміцер Лупач, фота: baj.by

Выканаўца абавязкаў пракурора Докшыцкага раёну Надзея Міцько прынесла пратэст на рашэнне суду аб спыненні справы глыбоцкага журналіста-фрылансера Змітра Лупача, якую на яго завялі за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ (арт. 23.5 КаАП ). Суд Докшыцкага раёну спыніў справу 18 траўня праз недаказанасць віны. Пракурорскі пратэст на гэтае рашэнне разгледзяць у Віцебскім абласным судзе 9 чэрвеня.

Пра тое, што пракурорка Надзея Міцько прынесла пратэст на пастанову аб скасаванні справы, Змітру Лупачу паведамілі афіцыйным лістом з суду Докшыцкага раёну. Прычым падпісаў паперу суддзя Дзяніс Корсак – той самы, які вынес рашэнне аб спыненні справы.

Стала таксама вядома, што рашэнне суддзі абскардзіў яшчэ і начальнік Докшыцкага РАУС Сяргей Каралевіч.

Журналісту паведамілі, што разгляд пратэсту адбудзецца ў Віцебскім абласным судзе 9 чэрвеня (пачатак паседжання ў 11.00).

Нагадаем, падставай для складання пратаколу на Змітра Лупача стаў фельетон на YouTube-канале «Белсату» пад назвай «Леніна знайшлі загорнутым у цэлафан». Пратакол на журналіста склаў маёр міліцыі Докшыцкага РАУС Андрэй Юргель.Сведкам на судзе праходзіў мясцовы краязнаўца Кастусь Шыталь – герой фельетону. На судзе ён заявіў, што што запісвала яго падчас здымак сюжэту жанчына, а не Зміцер Лупач. Суддзя Корсак спыніў справу праз недаказанасць віны Змітра Лупача.

Зміцер Міраш