Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 09 Ліпень 2021

Пракурорка запатрабавала для Аляксандра Мацвеева паўтара года «хіміі»

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Аляксандр Мацвееў на судзе Аляксандр Мацвееў на судзе

8 ліпеня ў судзе Першамайскага раёну Віцебску скончыліся слуханні па справе былога кіроўцы-міжнародніка Аляксандра Мацвеева, якога вінавацяць у публічнай абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Падчас судовых спрэчак прадстаўніца пракуратуры папрасіла прызначыць Мацвееву пакаранне абмежаваннем волі («хімія») на 1 год і шэсць месяцаў.

Перад пачаткам судовых спрэчак бок абароны хадайнічаў аб допыце сведкаў. Суд задаволіў хадайніцтва, дапытаў жонку Аляксандра Мацвеева Раду і дырэктара прадпрыемства, на якім цяпер працуе Мацвееў. Сведкі падкрэслілі, што абвінавачаны як сем'янін, бацька, муж і добры спецыяліст характарызуецца шэрагам станоўчых якасцяў. Прасілі прызначыць яму найменшае пакаранне, прадугледжанае дадзеным артыкулам, спасылаючыся на тое, што на волі ён прынясе больш карысці сямʼі, прадпрыемству і грамадству.

У сувязі з тым, што пацярпелы былы старшы сяржант ППС Віталь Шнявін знаходзіцца па-за межамі Беларусі, суд пастанавіў праводзіць слуханні без яго прысутнасці. Былы міліцыянт адмовіўся ад пачаткова заяўленай сумы (1000 рублёў) маральнай кампенсацыі, задаволіўся прабачэннем і кампенсацыяй у памеры 300 рублёў.

Пракурорка ў сваім выступе заявіла, што віна Мацвеева даказаная, ніякіх акалічнасцяў, якія абцяжарваюць віну, не вызначана. Разам з тым, «з улікам грамадскай небяспекі злачынства, мэтаў і матываў учыненага, істотнай шкоды, нанесенай дзяржаўным інтарэсам у выглядзе падрыву аўтарытэту і прэстыжу прадстаўнікоў праваахоўных органаў, прыніжэння гонару і годнасці пацярпелага» пракурорка заявіла, што мэты крымінальнай адказнасці ў дачыненні Мацвеева будуць дасягнутыя прызначэннем яму пакарання ў выглядзе абмежавання волі.

На гэтай падставе яна папрасіла суд прызнаць Аляксандра Мацвеева вінаватым у асабістай абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў і на падставе санкцый арт. 389 КК прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін адзін год і шэсць месяцаў з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Адвакатка Аляксандра Мацвеева адзначыла, што ў ходзе папярэдняга следства дзеянням яе падабароннага дадзеная дакладная ацэнка. Разам з тым, звярнула ўвагу, што Мацвееў раскаяўся ў злачынстве, папрасіў прабачэння ў пацярпелага і яшчэ да пачатку судовага следства зрабіў захады, каб кампенсаваць маральную шкоду. Звярнула ўвагу на тое, што падабаронны не ўдзельнічаў у несанкцыяваных мерапрыемствах і зʼяўляецца законапаслухмяным грамадзянінам. Заявіла, што прапанаваны абвінавачаннем тэрмін абмежавання зʼяўляецца суровым пакараннем для яе падабароннага.

У апошнім слове Мацвееў запэўніў, што ўсвядоміў свой учынак.

«Быў час паразважаць над сітуацыяй. Хачу запэўніць, што надалей не дапушчу падобных парушэнняў. Я перагледзеў сваю жыццёвую пазіцыю. Прашу высокі суд, прызначыць мне мінімальна магчымае па гэтым артыкуле пакаранне. Раскайваюся ва ўчыненым. Больш дадаць няма чаго», – скончыў Мацвееў.

Прысуд будзе агучаны 9 ліпеня (пачатак у 9.15).

Ян Сведка