Друкаваць гэтую старонку
Субота, 20 Лістапад 2021

За абразу пракурора жыхара Дуброўна пакаралі «хатняй хіміяй» і штрафам

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Судом Дубровенскага раёну быў вынесены прысуд паводле арт. 369 КК («Знявага прадстаўніка ўлады») у дачыненні 40-гадовага мясцовага жыхара Юрыя Свіцына. Па версіі следства, ён абразіў пракурора Дубровенскага раёну Міхаіла Пацеева. Суд прызначыў пакаранне абвінавачанаму ў выглядзе трох гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу і штрафам у 2900 рублёў.

Падчас судовага следства было ўстаноўлена, што у жніўні 2021 году Юры Свіцын, знаходзячыся ў Барані Аршанскага раёну, з дапамогай мабільнага тэлефона Xiaomi Redmi 7A са свайго ўліковага запісу ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» размясціў абразлівы каментар на адрас пракурора Міхаіла Пацеева. Нібыта гэта была помста пракурору за тое, што раней ён у грамадскім месцы спыніў супрацьпраўныя дзеянні абвінавачанага. 

У судовым паседжанні мужчына цалкам прызнаў віну і раскаяўся ва ўчыненым. 

Суд палічыў віну дубровенца даказанай і, кіруючыся арт. 369 КК РБ, прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 3 гады са штрафам 100 базавых велічынь, прызначыў таксама абвінавачанаму прымусовае лячэнне ад алкагалізму. 

Таксама суддзя пастанавіў спагнаць са Свіцына на карысць пракурора Пацеева кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў і канфіскаваць тэлефон абвінавачанага ў даход дзяржавы.

Прысуд не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.

Віталь Кажух