Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 04 Студзень 2022

Лукашэнка звольніў 5 суддзяў у Віцебскай вобласці, некаторых – падвысіў

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)

4 студзеня 2022 году быў апублікаваны ўказ №517 «Аб прызначэнні і вызваленні суддзяў», які Лукашэнка падпісаў у апошні дзень мінулага году. Паводле дакументу, прызначаныя і вызваленыя ад пасады 12 суддзяў Віцебскай вобласці. Праваабаронцы не звязваюць звальненне і новыя прызначэнні ў судовым корпусе з палітычнымі падзеямі 2020-га і 2021 гадоў і бачаць у гэтай ратацыі натуральныя прычыны.

Будрэвіч, Родзіна і Рошчына - наверх

Пайшоў на павышэнне суддзя Сяргей Будрэвіч, які стаў намеснікам старшыні суду Кастрычніцкага раёну Віцебску. У 2021 годзе Сяргей Будрэвіч асудзіў былую палітзняволеную Юлію Кашавераву на паўтара года калоніі, палітвязня Арцёма Ісакава адправіў у калонію на тры гады, асудзіў былога супрацоўніка МУС Аляксандра Жалязоўскага на тры гады «хіміі».

Наталлю Рошчыну прызначылі суддзёй Віцебскага абласнога суду, вызваліўшы яе ад пасады старшыні суду Бешанковіцкага раёну. У 2019 годзе Наталля Рошчына асудзіла на тры гады «хіміі» віцебскага лекара-праўдаруба Ігара Пастнова.

Суддзя суду Кастрычніцкага раёну Віцебску Таццяна Жураўкова таксама пайшла на павышэнне ў Віцебскі абласны суд. У 2017 годзе яна на 15 сутак арышту пасадзіла праваабаронцу і журналіста Леаніда Свеціка.

Старшынём суду Першамайскага раёну прызначаны Аляксандр Ляшковіч, які раней кіраваў судом Гарадоцкага раёну. Замест Ляшковіча пасаду старшыні суду ў Гарадку зойме Таццяна Родзіна, якая раней працавала ў судзе Першамайскага раёну. Менавіта Родзіна судзіла цяперашняга палітвязня Уладзіміра Малахоўскага, хворага на рак (тры з паловай гады калоніі), віцябляніна Сяргея Ільюшэнку (два з паловай гады «хіміі»), Мікалая Берднікава ды іншых.

Суддзя Наталля Рэут атрымала пасаду суддзі і старшыні суда Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці. На працягу пяці гадоў у яе падпарадкаванні будзе працаваць суддзёй Кацярына Мацкевіч.

Вызваленыя з пасадаў

Вызвалены ад пасады суддзі Віцебскага абласнога суду ў сувязі з выхадам у адстаўку Ларыса Сініцына і Галіна Урбановіч, а суддзя гэтага ж суду Святлана Волкава звольненая па ўласным жаданні.

Таксама ў з уласнага жадання звольнены суддзя Андрэй Шыдлоўскі (суд Першамайскага раёну Віцебску). У сакавіку 2021-га Шыдлоўскі аштрафаваў на 1740 рублёў журналіста Змітра Казакевіча. Адразу пасля працэсу журналіст падарыў суддзі раман Орўэла «1984».

Па ўласным жаданні пазбавіўся пасады старшыні суду Першамайскага раёну Віцебску Андрэй Андрушэнка, але пры гэтым ён будзе працягваць працаваць у гэтым жа судзе звычайным суддзём.

Выйшлі ў адстаўку два суддзі суду Полацкага раёну і гораду Полацку: Ірына Даротка і Юлія Каласоўская.

Адзначым, што ў Віцебскай вобласці практычна няма суддзяў, якія б не ўдзельнічалі ў «палітычна матываваных» судовых працэсах і не выносілі абвінаваўчыя прысуды ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў па адміністрацыйных і крымінальных справах.

Іван Чайка, Янка Прас