Друкаваць гэтую старонку
Субота, 15 Студзень 2022

Чэмпіёну Беларусі ў кікбоксінгу Юрыю Свіціну давядзецца адбыць тры гады «хатняй хіміі»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

У лістападзе 2021 году суд Дубровенскага раёну вынес прысуд паводле арт. 369 КК («Знявага прадстаўніка ўлады») у дачыненні 40-гадовага спартоўцы Юрыя Свіціна. Па версіі следства, ён абразіў пракурора Дубровенскага раёну Міхаіла Пацеева. Суддзя Марыя Цыклінская прызначыла пакаранне ў выглядзе трох гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу і штраф 2900 рублёў. Прысуд набыў ужо законную моц.

14 студзеня 2022 году судовая калегія па крымінальных справах Віцебскага абласнога суду разгледзела апеляцыйную скаргу жыхара Дуброўна Юрыя Свіціна. Калегія не пагадзілася з довадамі абароны і прысуд пакінула без змены, а скаргу – без задавальнення.

Цяпер майстру спорту, прызёру чэмпіянату Еўропы і сяміразоваму чэмпіёну Беларусі па кікбоксінгу і рукапашным баі Юрыю Свіціну давядзецца адбываць у родным Дуброўне прызначанае судом пакаранне ў поўным аб'ёме, а таксама выплаціць вялікі штраф.

Віталь Кажух