Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 19 Красавік 2022

Жыхара Полацку Юрыя Шчарбакова асудзілі за карцінку з інтэрнэту і рэпост двухгадовай даўніны

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Па рашэнні суду Полацку і Полацкага раёну работнік прадпрыемства «Полацк-Шкловалакно» Юрый Шчарбакоў быў асуджаны да 15-ці сутак арышту за дзве публікацыі ў сацыяльных сетках. Абедзве публікацыі былі зроблены некалькі год таму, але толькі цяпер сталі падставай для адміністрацыйнай справы і судовага разбіральніцтва. Рашэнне пра арышт прыняў суддзя Андрэй Дзергачоў.

Суд прызнаў Юрыя Шчарбакова вінаватым паводле двух адміністрацыйных артыкулаў – 19.10 (Прапаганда або публічнае дэманстраванне, вырабніцтва і распаўсюд нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі) і 19.11 (Распаўсюд, вырабніцтва, захаванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць). Першае абвінавачанне тычылася карцінкі з інтэрнэту, якую палачанін некалькі гадоў таму размясціў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, другое – рэпосту матэрыялу з вядомага беларускага парталу, які ў той час яшчэ не быў абвешчаны экстрэмісцкім фармаваннем.

Падтрымаць Юрыя Шчарбакова ў судзе прыйшлі ягоныя знаёмыя і сябры. На працэс меўся трапіць і старшыня Свабоднага прафсаюзу Беларускага Мікалай Шарах, таксама жыхар Полацку. Аднак па дарозе яго затрымалі міліцыянты і павезлі дахаты рабіць ператрус.

Такім чынам, Мікалай Шарах апынуўся ў шэрагу затрыманых сёння лідараў недзяржаўных прафсаюзаў: 19 красавіка былі затрыманыя старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук, яго намеснік Сяргей Антусевіч, супрацоўніца офісу БКДП Ірына Бут-Гусаім.

Міхась Хмара