Друкаваць гэтую старонку
Серада, 11 Май 2022

13 траўня ў Паставах будуць судзіць ксяндза Андрэя Бульчака

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ксёндз Андрэй Бульчак. Ксёндз Андрэй Бульчак.

Каталіцкага святара вінавацяць паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў). Суд над Андрэем Бульчакам павінны быў адбыцца яшчэ 25 сакавіка, але тады справу вярнулі ў Пастаўскі РАУС на дапрацоўку. Праз палітычны пераслед ксёндз Андрэй быў вымушаны з’ехаць з Беларусі, нават не развітаўшыся з парафіянамі.

Цяпер ксёндз Андрэй Булчак знаходзіцца ў Польшчы, свой тэрміновы ад’езд патлумачыў тым, што не хоча «фінансаваць гэты рэжым», калі яму прысудзяць штраф.

Напрыканцы сакавіка Андрэю Бульчаку стала вядома, што «сілавыя структуры» маюць прэтэнзіі да відэаролікаў, якія ксёндз рабіў разам з моладдзю пастаўскай парафіі Езуса Міласэрнага. Адзін з іх, пад назовам «Ліст», быў адрасаваны польскай моладзі. Мэта відэароліка была ў тым, каб данесці моладзі суседняй дзяржавы, што беларусы – не акупанты і што простыя людзі не падтрымліваюць вайну ва Украіне. У відэароліку быў фрагмент дакументальных здымак з лагатыпам «Белсат» і бел-чырвона-белым сцягам, гэта і стала падставай для адміністрацыйнага пераследу.

Ксёндз Андрэй Бульчак – грамадзянін Польшчы. І з улікам таго, што ягоны дазвол на служэнне ў Беларусі сканчаецца ў траўні, ён не меў сумневу, што працягваць працу ў Паставах яму не дазволяць. Увогуле ж, у Беларусі ён служыў на працягу апошніх 14-ці гадоў. Падчас ягонага святарства быў збудаваны новы касцёл у Чашніках, а потым ксяндза перавялі на працу ў Паставы, дзе ён таксама кіраваў будаўніцтвам новага касцёла. На сёння гэты будынак ужо практычна гатовы і вымагае толькі ўнутраных працаў.

Не маючы магчымасці падзякаваць пастаўскім вернікам за супольную працу асабіста, Андрэй Бульчак адрасаваў ім адмысловы відэазварот. У ім былы пастаўскі ксёндз прыгадвае і свайго калегу, ксяндза Аляксандра Барана з Лынтупаў, апошняя сустрэча з якім адбылася ў пастаўскім райаддзеле міліцыі. Тады ксяндза Аляксандра затрымалі паводле абвінавачання ў нібыта незаконным пікетаванні, бо мупрацоўнікі МУС прагледзелі старонкі святара ў сацыяльных сетках і заўважылі на аватарцы выявы двух сцягоў - бел-чырвона-белага і жоўта-блакітнага… Апошнія дні свайго знаходжання ў Беларусі ксёндз Андрэй называе «экзаменам для ўсіх святароў», які «паказаў, хто ёсць хто ў Касцёле» – маючы на ўвазе пераслед за перакананні і грамадзянскую пазіцыю. І, на ягоную думку, «практычна ўсе здалі гэты экзамен».

Эмілія Протас